Парашэнка абвясціў нам вайну — самаабвешчаная «ДНР» пра забойства «Матаролы»

У сепаратысцкай групоўцы «ДНР», што дзейнічае на тэрыторыі Украіны, увечары нядзелі, 17 кастрычніка заявілі, што, паводле папярэдніх звестак, забойства аднаго з кіраўнікоў групоўкі Арсена Паўлава, вядомага па мянушцы «Матарола», ажыццявіла ўкраінская «дыверсійна-выведная група».

Арсен Паўлаў, архіўнае фота

Арсен Паўлаў, архіўнае фота


Кіраўнік прарасійскай групоўкі «ДНР» Аляксандр Захарчанка пасля забойства ў выступіў з пагрозамі на адрас украінскіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў СБУ і Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, а таксама іх родзічаў:

«Хадзіце зараз і бойцеся, бо для нас гэтая смерць не звычайны выклік... Усе афіцэры, падпалкоўнікі, маёры, якія дзейнічаюць на нашай тэрыторыі, усе вашы агенты, сем'і з сённяшняга дня знаходзяцца па-за законам. Не толькі тут, але і ў Жытоміры, Кіеве, Харкаве, Днепрапятроўску, — заявіў Захарчанка. — Я так разумею, Пятро Аляксеевіч Парашэнка парушыў замірэнне і абвясціў нам вайну. Цяпер чакайце».

Тым часам дырэктар дэпартамента камунікацыяў Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Арцём Шаўчэнка ў сацсетках заявіў, што, хутчэй за ўсё, забойства «Матаролы» здзейснілі яго ж «пабрацімы» з «тэрарыстычнага інтэрнацыяналу».

Грамадзянін Расіі Паўлаў прыехаў на Данбас у 2014 годзе і ўзначаліў там незаконнае ўзброенае фармаванне — батальён «Спарта», якое ваюе ў складзе групоўкі «ДНР». Паўлаў неаднаразова выхваляўся здзекамі з захопленых у час баявых дзеянняў украінскіх вайскоўцаў і казаў, што «расстраляў 15 палонных» вайскоўцаў узброеных сілаў Украіны.

У мінулым годзе Украіна звярнулася ў Інтэрпол з просьбай аб абвяшчэнні “Матаролы” ў вышук, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала расследаваць дзеянні, у якіх прызнаўся «Матарола».



www.svaboda.org