Парламент Латвіі забараніў савецкую сімволіку на публічных мерапрыемствах
Латвійскі Сейм зацвердзіў папраўкі, якія прадугледжваюць забарону на выкарыстанне савецкай і нацысцкай сімволікі падчас публічных мерапрыемстваў.
За прыняцце праекта прагаласавалі 56 дэпутатаў. Супраць яго прыняцця не было пададзена ніводнага голасу.
Законапраект раней выклікаў дэбаты як наконт магчымасці практычнага ўжывання дадзенай нормы, так і пра інтэрпрэтацыю гістарычных падзей. Папраўкі прадугледжваюць, што падчас правядзення публічных мерапрыемстваў забараняецца выкарыстоўваць, у тым ліку і ў стылізаваным выглядзе, сцягі, гербы і гімны рэспублік былога СССР і нацысцкай Германіі, нацысцкую свастыку, знак SS і савецкія сімвалы — серп і молат з пяціканцовай зоркай.
Падобныя правілы ўжо дзейнічаюць у шэрагу былых савецкіх рэспублік, напрыклад у Малдове і Літве.
Папраўкі прадугледжваюць, што ўдзельнікам публічных мерапрыемстваў забараняюцца дзеянні, накіраваныя супраць незалежнасці Латвійскай Рэспублікі, выказванне заклікаў да гвалтоўнай змены дзяржаўнага ладу Латвіі і невыканання законаў, прапаганда гвалту, варожасці, відавочнай нацысцкай, фашысцкай ці камуністычнай ідэалогіі, вайны, услаўленне або заклікі да здзяйснення злачынных дзеянняў або іншых правапарушэнняў. Забараняюцца таксама дзеянні, якія ствараюць пагрозу бяспецы і здароўю ўдзельнікаў мерапрыемства або іншых асоб.
Першапачаткова Сейм планаваў прыняць папраўкі да закона ў тэрміновым парадку, каб яны ўступілі ў сілу да 9 траўня. Аднак у ходзе дыскусій стала відавочна, што ў справе ёсць маса юрыдычных тонкасцяў, таму з праекта знялі тэрміновы статус.
У дадзены момант выкарыстанне сімволікі СССР, Латвійскай ССР і нацысцкай Германіі забароненае на тых мерапрыемствах, якія згаданыя ў Законе аб сходах, шэсцях і пікетах. У сваю чаргу на забаўляльныя, святочныя, памятныя і спартыўныя мерапрыемствы забарона не распаўсюджваецца. Некаторыя члены кіруючай кааліцыі раней адзначалі, што падчас мерапрыемстваў 9 Траўня ў публічных месцах выкарыстоўваецца савецкая сімволіка. Прычым пакараць за гэта нельга, таму што не ўсе мерапрыемствы падпадаюць пад дзеянне Закона аб сходах, шэсцях і пікетах.