Паўднёвая Асеція. Навошта адраджаць Аланію?
Каўказская грамадскасць актыўна абмяркоўвае ініцыятыву кіраўніка Паўднёвай Асеціі Леаніда Цыбілава аб перайменаванні рэспублікі, якая фармальна з’яўляецца часткай Грузіі, а фактычна — патранатам Масквы. Цыбілаў прапанаваў перайменаваць Паўднёвую Асецію ў Рэспубліку Паўднёвая Асеція — Аланія.
![alania_10_12.png alania_10_12.png](/img/v1/userfiles/images/alania_10_12.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аланія — сярэднявечная дзяржава, якая існавала у перадгор’ях Паўночнага Каўказу з пачатку I тысячагоддзя. У сярэдзіне XIV стагоддзя Аланія знікла пад нашэсцем татара-манголаў. Навошта патрэбна адраджаць Аланію праз 600 гадоў?
Цыбілаў кажа пра аднаўленне гістарычнай справядлівасці, аднак шмат хто бачыць тут больш глабальную фабулу. Мяркуюць, што за кошт перайменавання рэспублікі ў Цхінвалі запускаюць працэс аб’яднання нефармальнай рэспублікі з Паўночнай Асеціяй — суб’ектам Расійскай Федэрацыі, дзе таксама папулярна ідэя перайменаваць край у Аланію.
З’яўленне на мапе двух дзяржаўных фармаванняў з назвай «Аланія» стварае падмурак для такога аб’яднання пад дахам Расіі.
Цікава, што брэнд «Аланія» таксама папулярны сярод інгушоў і чаркесаў. Іх інтэлектуалы таксама заклікаюць унесці ў назвы рэспублік слова «Аланія».
Не выключана, што нас чакае незвычайная барацьба: хто з каўказскіх народаў з’яўляецца сапраўдным нашчадкам аланаў.
Паводле расійскай прэсы