Польшча. Януш Палікот запрашае ў піўны гатэль!
Польскі бізнесовец Януш Палікот пацвердзіў імідж арыгінальнай асобы.
Яго папярэднім праектам была сацыял-ліберальная партыя «Рух Палікота», якая прарвалася ў Сейм. Цяпер Палікот прыцягнуў увагу да сябе дзякуючы піву.
Прадпрымальнік, які вельмі даўно займаецца продажам алкаголю, задумаў будаваць дамы, дзе з кранаў акрамя вады будзе ліцца ячменны напой.
Узнікае пытанне, ці захоча нехта жыць у такім доме? «Так», — адказвае Палікот, і спасылаецца перш за ўсё на вялікую папулярнасць піва сярод палякаў: больш за іх у Еўропе піва п’юць толькі немцы і чэхі. Акрамя таго, будынкі з піўнымі кранамі плануецца размяшчаць каля піўзаводаў.
Фактычна, гэта будуць гатэлі для турыстаў, якія, наведаўшы прадпрыемства, пасля могуць зняць сабе нумар і піць напой колькі заўгодна. Дарэчы, такія эксперыменты ўжо рабіліся ў Скандынавіі і ў Злучаных Штатах.
На цяперашні момант кампаніяй Палікота ўжо запланаваныя першыя чатыры піўныя «гатэлі». Аўтар ідэі лічыць, што тым самым Польшча закладзе новую піўную традыцыю ў ЕС. Дарэчы, адначасова бізнесовец плануе пашырыць у Польшчы вытворчасць безалкагольнага піва, за якім, на яго думку, будучыня.
Паводле польскай прэсы