Прамежкавыя выбары ў ЗША. Дасье ў карыкатурах
8 лістапада ў ЗША адбудуцца выбары ў Кангрэс, пасля якіх дэмакраты могуць страціць большасць як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сенаце. Аднак насамрэч стаўкі на гэтых выбарах куды больш высокія.
Выбары ў Кангрэс ЗША праходзяць раз на два гады. Тыя, што адбудуцца 8 лістапада, называюцца прамежкавымі, бо яны выпадаюць на сярэдзіну прэзідэнцкага тэрміну. У гэтым годзе барацьба разгорнецца за 35 месцаў. Таксама ў шэрагу штатаў пройдуць выбары губернатараў і ў мясцовыя органы ўлады.
Параза дэмакратаў 8 лістапада была б не трагічнай, бо ёсць устойлівая гістарычная тэндэнцыя: на першым тэрміне прэзідэнта яго партыя звычайна прайграе прамежкавыя выбары.
Аднак зараз паміж партыямі назіраецца страшная канфрантацыя. Прэса, якая звязаная з партыямі, вылівае на канкурэнтаў такую масу кампрамату, што часта робіць таксічным увесь палітычны спектр. На малюнку аднаго з амерыканскіх мастакоў выбарчая гонка намалявана як спаборніцтва выпацканых лайном палітыкаў.
Адкуль эмоцыі, што так зашкальваюць? Яны шмат у чым звязаны з новым раўндам эскалацыі вечнай культурнай вайны ў Штатах паміж лібераламі і кансерватарамі. Лагер апошніх узначальвае Дональд Трамп, які сцвярджае, што Байдэн фальсіфікаваў вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020-га і хоча «павесіць» на яго крыміналку за штурм Кангрэса. Адзін з прыхільнікаў Трампа нават адлюстраваў Байдэна ў выглядзе героя вядомай казкі «Грынч, які скраў Каляды». У гэтай версіі Байдэн-Грынч скраў выбары.
У сваю чаргу каманда Байдэна паказвае лагер рэспубліканцаў як фашыстаў і палохае выбаршчыкаў тым, што перамога трампістаў на выбарах у парламент стане пралогам устанаўлення ў ЗША сапраўднай дыктатуры.
А што просты амерыканскі выбаршчык? Трэба прызнаць, што яму аказалася бліжэй тэма асабістага дабрабыту. Для звычайнага янкі зараз на першым месцы праблема інфляцыі, якой амерыканскае грамадства не ведала два пакаленні. Па даных за верасень, інфляцыя ў ЗША склала 8,2% за год. Такі рост коштаў у апошні раз назіраўся ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў. Тое, як рост цэн на паліва павысіў рэйтынг рэспубліканцаў (сімвал партыі слон), арыгінальна адлюстраваў адзін з графікаў.
У выніку рэспубліканцы лідзіруюць у апошніх апытаннях з 54% падтрымкі. Рэспубліканская прэса ўжо адлічвае апошнія хвіліны праўлення Байдэна.
Адным словам, партыя Трампа рыхтуецца да трыумфу. Аднак, на думку экспертаў, усё можа скончыцца цугцвангам. Рэспубліканцы пасля поспеху 8 лістапада пачнуць блакіраваць праекты Байдэна, а Байдэн у сваю чаргу накладаць вета на праекты рэспубліканцаў. Гэтая перспектыва тупіковай сітуацыі стала адным з канькоў прапаганды дэмакратаў. «Галасуйце супраць цугцвангу» — заклікаюць рэспубліканцы на адной з карыкатур. У гэты час слон — сімвал іх партыі, блакуе які-небудзь рух.
Відавочна, што вынікі выбараў непазбежна моцна паўплываюць на наступныя два гады прэзідэнцтва Джо Байдэна і яго палітыку, у тым ліку супрацьдзеянне расійскай агрэсіі ва Украіне. Гэта значыць, на ўсю сітуацыю ў нашым рэгіёне. Можна чакаць, што рэспубліканская большасць будзе ставіцца да новых бюджэтных асігнаванняў на ваенную і эканамічную дапамогу Украіне больш прыдзірліва. Аднак у канчатковым выніку любыя надзеі на новую «разрадку» ў адносінах ЗША і РФ ніяк не звязаныя з вынікамі выбараў. Антырасійская большасць дакладна захаваецца і пасля 8 лістапада. А вось прэзідэнцкія выбары ў CЩА ў 2024-м могуць шмат вырашыць. Галоўнае, каб Амерыка вытрымала палітычныя разборкі. Шмат карыкатурыстаў лічаць, што такі моцны палітычны клінч можа каштаваць краіне вельмі шмат.