Пратэстоўцы б'юцца з паліцыяй у Чарнагорыі перад інаўгурацыяй новага кіраўніка праваслаўнай царквы

У суботу ў старой сталіцы Чарнагорыі Цэтыне пратэстоўцы сутыкнуліся з сотнямі спецназаўцаў. Удзельнікі пратэсту збудавалі барыкады з шынаў і камянёў напярэдадні інаўгурацыі новага кіраўніка Сербскай праваслаўнай царквы ў Чарнагорыі.
Пра гэта паведамляе АР.

Цырымонія, запланаваная на нядзелю ў Цэтыне, выклікала гнеў праціўнікаў сербскай царквы ў Чарнагорыі, якая абвясціла незалежнасць ад суседняй Сербіі ў 2006 годзе.

У суботу сотні пратэстоўцаў сутыкнуліся з паліцыяй у Цэтыне і на кароткі час знялі металічную загароду вакол кляштара, дзе павінная адбыцца інаўгурацыя мітрапаліта Яанікія. Чарнагорскае дзяржаўнае тэлебачанне RTCG паведаміла, што пратэстоўцы прарвалі паліцэйскую блакаду на ўездзе ў Цэтыне і закідалі іх камянямі з крыкамі «Гэта Чарнагорыя!» і «Гэта не Сербія!»

Чарнагорцы застаюцца глыбока падзеленымі адносна сувязяў сваёй краіны з суседняй Сербіяй і з Сербскай праваслаўнай царквой, якая зʼяўляецца галоўным рэлігійным інстытутам краіны. Каля 30% з 620 тысячаў жыхароў Чарнагорыі лічаць сябе сербамі.
Тысячы людзей пратэставалі ў мінулым месяцы, патрабуючы, каб інаўгурацыя адбылася ў іншым месцы. Царква адмовілася мяняць свае планы.

З таго часу, як Чарнагорыя аддзялілася ад Сербіі, чарнагорцы, якія выступаюць за незалежнасць, выступаюць за ўтварэнне праваслаўнай царквы, асобнай ад сербскай.

Улады Чарнагорыі заклікалі да спакою падчас цырымоніяў выхаднога дня, якія пачынаюцца з прыбыцця ў суботу кіраўніка Сербскай праваслаўнай царквы патрыярха Парфірыя ў Падгорыцу, сталіцу Чарнагорыі.

Парфірый павінен прысутнічаць на нядзельнай інаўгурацыі Яанакія, папярэднік якога Амфілохій памёр у кастрычніку летась пасля заражэння COVID-19.


Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: