Пуцін у «Die Zeit»: Расія выступае за аднаўленне ўсёабдымнага партнёрства з Еўропай

Нечакана прымірэнчы артыкул напісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Матэрыял прымеркаваны да 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны і апублікаваны ў нямецкай штотыднёвай газеце «Die Zeit» і на сайце Крамля.

1425235441db36cb72.jpg


Тэксташаламляльна адрозніваецца ад афіцыйнай расійскай рыторыкі апошніх дзесяці гадоў і хутчэй выглядае спробай зняць напружанне паміж Захадам і Расіяй, канстатуе REFORM.by.

Пуцін аддае даніну павагі не толькі подзвігу савецкага народа ў перамозе над нацызмам, але і адзначае «саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, удзельнікаў супраціву, нямецкіх антыфашыстаў, якія набліжалі агульную перамогу». Ён таксама досыць ясна вызначае, што такое, на яго думку, перапісванне гісторыі.

«І хто б ні спрабаваў зараз перапісаць старонкі мінулага — праўда ў тым, што савецкі салдат прыйшоў на зямлю Германіі не помсціць немцам, а з высакароднай, вялікай місіяй вызваліцеля», — тлумачыць Пуцін.

Адзначым, на гэтым фоне Дзярждума РФ прыняла законапраект, якім забараняецца прыраўноўванне Гітлера і Сталіна, якія фактычна з’яўляліся хаўруснікамі напярэдадні пачатку ВАВ.

Пуцін нагадвае аб гістарычным прымірэнні «нашага» народа і немцаў і лічыць нямецкіх прадпрымальнікаў піянерамі кааперацыі з СССР. Ён успамінае, як у Савецкім Саюзе спадзяваліся «што заканчэнне халоднай вайны будзе агульнай перамогай для Еўропы — ад Лісабона да Уладзівастока».

Віну за зрыў планаў мірнай перабудовы свету Пуцін ускладае на Захад. Менавіта пашырэнне NATO на Усход прывяло да новага вітка недаверу і напружанасці, лічыць расійскі лідар. Гэта прывяло да палярызацыі і «ўкраінскай трагедыі 2014 года». На думку Пуціна, віна за развязванне вайны ва Украіне ляжыць, у першую чаргу, на ЗША.

«Да якіх наступстваў прывяла такая агрэсіўная палітыка, мы бачым на прыкладзе ўкраінскай трагедыі 2014 года. Еўропа актыўна падтрымала антыканстытуцыйны ўзброены пераварот на Украіне. З гэтага ўсё і пачалося. Навошта трэба было гэта рабіць? Тады дзеючы прэзідэнт Януковіч ужо пагадзіўся з усімі патрабаваннямі апазіцыі. Навошта ЗША арганізавалі пераварот, а краіны Еўропы — бязвольна яго падтрымалі, справакаваўшы раскол у самой Украіне і выхад Крыма з яе складу?» — задае рытарычнае пытанне Пуцін.

Каб пазбегнуць далейшай эскалацыі ў Еўропе, прэзідэнт Расіі прапануе прыкласці сумесныя намаганні ўсіх краін, уключаючы Расію. Сваю краіну Пуцін называе найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавай.

maxresdefault141122062021.jpg


«І мы адчуваем сваю непарыўную культурную і гістарычную сувязь з Еўропай», — піша ён.

Уладзімір Пуцін заяўляе, што адкрыты да сумленнага стваральнага ўзаемадзеяння і выступае за аднаўленне ўсёабдымнага партнёрства з Еўропай.

«Зноў паўтару: Расія выступае за аднаўленне ўсёабдымнага партнёрства з Еўропай. У нас шмат тэм, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Гэта бяспека і стратэгічная стабільнасць, ахова здароўя і адукацыя, лічбавізацыя, энергетыка, культура, навука і тэхналогіі, рашэнне кліматычных і экалагічных праблем.

Свет дынамічна развіваецца, сутыкаецца з новымі выклікамі і пагрозамі. І мы проста не можам дазволіць сабе цягнуць за сабой груз мінулых непаразуменняў, крыўд, канфліктаў і памылак. Груз, які будзе перашкаджаць нам засяродзіцца на вырашэнні актуальных праблем. Перакананы, што нам усім трэба прызнаць гэтыя памылкі і выправіць іх. Наша агульная і бясспрэчная мэта — забяспечыць кантынентальную бяспеку без раздзяляльных ліній, адзіную прастору раўнапраўнага супрацоўніцтва і ўсеагульнага развіцця ў імя росквіту Еўропы і свету ў цэлым», — рэзюмуе расійскі лідар.