Ці патрэбны ворагі, калі вакол такія сябры?

Сёння амбасадар РФ у Беларусі Яўген Лук'янаў паабяцаў афіцыйнаму Мінску поўную падтрымку ў сітуацыі з санкцыямі. «Мы не кінем Беларусь. Мы — саюзнікі. Саюзнікі адзін аднаму не здраджваюць. Я ўжо не кажу пра тое, што мы два брацкія славянскія народы», — сказаў Лук'янаў. Што гэта значыць насамрэч разважае ў сваім тэлеграм-канале Ігар Ільяш.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1.jpg


Клятвенныя запэўніванні ў саюзніцкай вернасці рэзка кантрастуюць з інфармацыяй, распаўсюджанай «Інтэрфаксам»: аказваецца, у трэцім квартале 2021 года не прадугледжана паставак расійскай нафты на завод «Нафтан», які трапіў пад амерыканскія санкцыі. Фактар бескарыслівага «славянскага братэрства», верагодна, у дадзеным выпадку не спрацаваў. І ёсць сур'ёзныя сумневы, што спрацуе ў поўнай меры і ў дачыненні да іншых санкцыйных кейсаў.
На гэтым фоне абяцанні Масквы падставіць рэжыму Лукашэнкі плячо ў яго безразважным супрацьстаянні з Захадам выглядае хутчэй падбухторваннем, правакаваннем далейшай эскалацыі. Маўляў, не бойцеся, мы вас прыкрыем. Толькі вось ніякай канкрэтнай дапамогі ў гэтай «эканамічнай вайне» Лукашэнку не прапанавалі. Цікава, што амбасадар РФ таксама шматзначна заўважыў: сітуацыя можа пайсці як па аптымістычнаму, так і па песімістычным сцэнары. І можна толькі здагадвацца, што ж ён меў на ўвазе ў дадзеным выпадку.
Палітыка Крамля ў дачыненні да Беларусі ў стратэгічным плане недальнабачная і ў многіх сэнсах ірацыянальная. Але ўсё-ткі некаторыя правільныя высновы з вопыту свайго суіснавання з Лукашэнкам Масква зрабіла. Пуцін зразумеў, што Лукашэнку не варта пакідаць ніводнага шанцу на кампраміс з Захадам. А інакш Лукашэнка зноў паспрабуе пераканаць увесь свет у тым, што ён — адзіны «гарант незалежнасці» Беларусі, які з апошніх сіл нібыта стрымлівае расійскую экспансію. Звярнуўшыся ў жніўні 2020 года да Пуціна з просьбай дапамагчы яму здушыць мірныя пратэсты, Лукашэнка сам жа гэты міф і разбурыў. А цяпер робіць усё, каб падобны міф ніколі не быў рэанімаваны.
Калі з лета 2015-га да лета 2020 года Лукашэнка прадаваў на Захадзе сваю «іншасць» ад пуцінскай Расіі, то цяпер усяляк імкнецца дэманстраваць яднанне са «старэйшым братам». І ў Маскве з радасцю яму падыгрывае. Толькі вось гісторыя з пастаўкамі расійскай нафты на «Нафтан» дэманструе, што ніякага суцэльнага фронту супраць заходніх дэмакратый няма. Дапамагаць Лукашэнку ў яго вайне з Захадам Пуцін будзе толькі ў той меры, у якой гэтая дапамога будзе спрыяць умацаванню расійскіх пазіцый на Беларусі. І чым вышэй будуць страты рэжыму Лукашэнкі ў гэтым супрацьстаянні, тым больш у Расіі шанцаў пашырыць свой уплыў.
Характэрна, што Расія зусім не спяшаецца з падпісаннем інтэграцыйных дарожных карт. Чаму? Ды таму што кожны дзень дзень знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе набліжае той момант, калі інтэграцыя будзе ажыццяўляцца толькі і выключна на ўмовах Крамля. Задумка Пуцін заключаецца ў тым, каб Лукашэнка капітуляваў перад ім не ў выніку расійскага ціску, а таму што іншага выйсця ў яго проста не застанецца. План, вядома, рызыкоўны, але цалкам рэалістычны.
Амбасадар Лук'янаў, кажучы пра санкцыі, заявіў: Масква будзе аказваць падтрымку Мінску «да самых крытычных абставінаў». Што гэта за «крытычныя абставіны» — ён не ўдакладніў. Але можна не сумнявацца, што Крэмль пастараецца, каб гэтыя «крытычныя абставіны» абавязкова наступілі.