Пуцін прапанаваў жыхарам Крыма выбраць паміж Расіяй і электрычнасцю
Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці апытанне ў Крыме і спытаць жыхароў паўвострава, ці згодныя яны на вяртанне энергазабеспячэння з боку Украіны, калі ў кантракце на пастаўкі электрычнасці Крым будзе названы яе тэрыторыяй.
![krym_elektro.jpg krym_elektro.jpg](/img/v1/news/full/krym_elektro.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адключэнне электрычнасці ў Крыме. Фота AFP.
Другое пытанне будзе гучаць як «ці гатовыя вы да часовых цяжкасцяў, звязаных з нязначнымі перабоямі энергазабеспячэння на працягу бліжэйшых 3-4 месяцаў?». Аб ініцыятыве Пуціна расказаў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак, перадае ВВС.
«Кіраўнік Расіі даручыў тэрмінова звярнуцца да аднаго з вядучых прафесійных агенцтваў для таго, каб правесці сацыялагічнае апытанне насельніцтва Крыма і Севастопаля па наступных пытаннях. Першае пытанне: ці падтрымліваеце вы заключэнне камерцыйнага кантракту з Украінай на пастаўку часткі электраэнергіі ў Крым і Севастопаль, калі ў ім будзе паказана, што Крым і Севастопаль з’яўляюцца часткай Украіны», — сказаў Новак журналістам.
Міністр таксама сказаў, што для Масквы непрымальная прапанаваная Украінай фармулёўка новага кантракта на пастаўку электрычнасці. Расія не згодна з тым, што Крым у ім называецца тэрыторыяй Украіны.
Па словах Новака, пытанне аб заключэнні кантракту будзе вырашана толькі пасля апытання.
У інтэрв’ю каналу «Расія-24» Новак таксама сказаў, што ў выпадку, калі дамова не будзе заключаная, то на працягу некалькіх месяцаў дэфіцыт электразабеспячэння будзе пакрывацца за кошт дызельных генератараў.
У сераду, 30 снежня Украіна цалкам спыніла пастаўкі электрычнасці на анэксаваны Расіяй паўвостраў. Прычынай адключэння ў Крыме назвалі аварыю на лініі электраперадач.