Расія дазволіла транзіт украінскіх тавараў у Казахстан толькі праз Беларусь
Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб транзітных перавозках грузаў з Украіны ў Казахстан, згодна з якім украінскія грузы можна перавозіць праз тэрыторыю Расіі, калі яны былі адпраўленыя з Беларусі. Указ апублікаваны на афіцыйным партале прававой інфармацыі Расійскай Федэрацыі.
Рашэнне было прынята ў сувязі з тым, што з 1 студзеня 2016 года паміж Расіяй і Украінай перастала дзейнічаць зона свабоднага гандлю, перадае ВВС.
Згодна з дакументам, з тэрыторыі Беларусі ў Казахстан можна правозіць украінскія тавары на аўтамабілях і з дапамогай жалезных дарог. Кантэйнеры з таварамі павінны быць абсталяваны адмысловымі «сродкамі ідэнтыфікацыі» (пломбамі). Яны могуць функцыянаваць на аснове спадарожнікавай сістэмы ГЛОНАСС. Такія пломбы будуць ўсталёўвацца на ўездзе на тэрыторыю Расіі.
Кіроўцы транспартных сродкаў павінны пры сабе мець спецыяльныя ўліковыя талоны, якія таксама можна будзе атрымаць пры ўездзе.
З 1 студзеня 2016 года Украіна далучылася да зоны свабоднага гандлю з ЕС. На думку расійскіх уладаў, дагавор паміж Украінай і Еўропай супярэчыць умовам, на якіх створана зона свабоднага гандлю паміж Расіяй і Украінай. Расія прыпыніла дзеянне зоны свабоднага гандлю з Украінай і ўвяла эмбарга на імпарт украінскіх прадуктаў.