Санта-Клаўса вірус не бярэ?
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) афіцыйна запэўніла дзяцей, што Санта-Клаўс неўспрымальны да віруса COVID-19, і, як вынік, зможа дастаўляць калядныя падарункі.
Такую заяву зрабіла тэхнічны кіраўнік па надзвычайных сітуацыях у галіне аховы здароўя. Яна сказала ў тэлевізійным звароце: «Я разумею, што дзеці непакояцца пра Санту, таму што ён больш сталага ўзросту і належыць да адной з групаў рызыкі, але я магу вам сказаць, што Санта-Клаўс неўспрымальны да гэтага віруса».
У СААЗ адначасова заявілі, што казачны персанаж зможа бяспечна ўваходзіць-выходзіць ды дастаўляць падарункі. Але функцыянеры арганізацыі пры гэтым папярэдзілі дзяцей, што трэба памятаць пра сацыяльнае дыстанцыяванне.
Цікава, што шматлікія бацькі на інтэрнэт-форумах вельмі крытычна паставіліся да заявы. На іх думку, дзеці — не дурні, і калі пасля Калядаў будзе назірацца чарговая ўспышка эпідэміі, многія абвінавацяць Санта-Клаўса ў тым, што менавіта ён стаў прычынай новых заражэнняў.