Вірус і незалежнасць
Напярэдадні Калядаў здзейснілася старая мара шатландскіх нацыяналістаў, якія даўно хацелі адмежавацца ад Англіі.

Пасля ўспышкі новага штаму каронавіруса на паўднёвым усходзе Альбіёна ўлады Шатландыі 21 снежня абвясцілі пра закрыццё межаў з іншымі рэгіёнамі краіны. Такім чынам, калядныя святы шатландцы першы раз за амаль 300 гадоў будуць адзначаць асобна ад англічан.
Праўда, пакуль строгая забарона на паездкі паміж Шатландыяй і астатняй часткай Вялікабрытаніі ўводзіцца толькі на святочны перыяд. Такая мера блакіроўкі мяжы ў рамках каранціну абмяркоўвалася ў тым жа Эдынбургу яшчэ вясной, але выклікала супярэчлівыя ацэнкі сярод шатландцаў. Аднак апошнія правалы кабінета Борыса Джонсана ў барацьбе з эпідэміяй выклікалі бум скепсісу адносна працягу знаходжання ў саюзе з Англіяй. Ужо ў кастрычніку колькасць прыхільнікаў незалежнасці наблізілася да 60 працэнтаў.
Калі пералому на эпідэміялагічным фронце не адбудзецца, то, паводле ацэнак спецыялістаў, ужо ў траўні Шатландыя пачне падрыхтоўку да новага рэферэндуму наконт незалежнасці. Зрэшты, цяпер у палітычным жыцці Вялікабрытаніі пануе такі хаос, што нельга выключаць прыняцця гэтага рашэння яшчэ да вясны.