Іспанія. Рэферэндум пра незалежнасць Каталоніі адкладаецца
Артур Мас, кіраўнік каталонскага ўраду, які складаецца выключна з сяброў партыі «Канвергенцыя і саюз» (CiU), 3 красавіка адсвяткаваў сто дзён знаходжання свайго кабінета пры ўладзе. Галоўным дасягненнем за гэты час стала распрацоўка прававой базы для выхаду Каталоніі са складу Іспаніі.
Артур Мас
Так, з падачы Артура Маса рэгіянальны парламент прыняў гістарычнае рашэнне аб правядзенні ў наступным годзе рэферэндуму пра самавызначэнне Каталоніі. Аднак, мяркуючы па ўсім, баланс першых 100 дзён дастаткова супярэчлівы. У каталонскім парламенце Артура Маса цяпер падтрымліваюць толькі нацыяналісты з партыі «Левыя рэспубліканцы» (ERC), якія гатовыя ахвяраваць усім дзеля таго, каб Каталонія стала незалежнай. А вось іншыя палітычныя сілы, у тым ліку тыя, якія выступаюць за суверэнітэт краю, не змаглі прабачыць прэм’еру цяжкай эканамічнай сітуацыі.
Ходзяць чуткі, што ў апазіцыю хутка пяройдзе і ERC. Падставай для такіх меркаванняў стала нядаўняя сенсацыйная сустрэча Маса і іспанскага прэм’ера, які лічыцца праціўнікам каталонскага сепаратызму. Прэс-сакратар сцвярджае, што на сустрэчы абмяркоўваліся выключна пытанні эканамічнага характару, аднак у прэсе хапае спекуляцый наконт таго, што Артур гатовы збавіць тэмп на шляху да незалежнасці, каб атрымаць ад цэнтру больш фінансавых датацый.