Супраць адзінай мовы

 Адзіны рынак, адзіная валюта, адзіная мова? Дзверы і масты, намаляваныя на банкнотах еўра, ужо ўвасабляюць цякучы характар стасункаў паміж камерсантамі, без каранёў і без гісторыі. Трэба яшчэ, каб, як той турыст, якому больш не патрэбныя дарожныя чэкі, студэнт таксама мог пакідаць краіну без слоўніка?



babylon.jpeg

Маючы ў якасці адзінага моўнага пашпарта бэйсік-інгліш. Які можна выкарыстоўваць паўсюль, у прыватнасці ў французскіх універсітэтах.
 

Бо апошнія быццам бы дагэтуль «адсталыя» — як і ўся краіна ў цэлым. Уявіце сабе, там дагэтуль размаўляюць ... па-французску! Мадам Жэнеўеў Ф'ёразо (Geneviève Fioraso), міністр вышэйшай адукацыі і навукі, хоча зняць гэтую «моўную перашкоду», якая адбівае ў «студэнтаў з краін на ўздыме, Карэі, Індыі, Бразіліі», ахвоту навучацца ў Францыі.
 

Дваццаць дзевяць дзяржаў маюць аднак мову Мальера ў якасці афіцыйнай (пяцьдзесят шэсць — мову Шэкспіра). А колькасць носьбітаў французскай мовы безупынна ўзрастае, у прыватнасці ў Афрыцы. Але, гледзячы на тую паласу перашкод, якую яна іх вымушае пераадольваць, студэнты з гэтага кантынента не з'яўляюцца тымі, каго Францыя жадае прыцягваць. Недастаткова багатыя, недастаткова схільныя плаціць (высокую) плату за навучанне ў якойсці гандлёвай ці інжынернай школе.
 

У амерыканскіх універсітэтах, дзе доля замежных студэнтаў (3,7 %) застаецца нашмат ніжэйшай за іх працэнт у французскіх навучальных установах(13 %), ніхто не дадумаўся пераадолець гэтае «адставанне» праз выкладанне на кітайскай ці партугальскай мовах. «Калі мы не дазволім выкладаць курсы на англійскай мове, мы так і застанемся абмяркоўваць Пруста ўпяцёх за адным сталом», — паіранізавала аднак спадарыня Ф'ёразо. Нікаля Сарказі ў свой час адкрыта выказваў пагарду да гуманітарных навук, шкадуючы студэнтаў, вымушаных чытаць «Прынцэсу Клеўскую» замест таго, каб займацца правам ці бізнесам.
 

Прыняты ў 1994 годзе, французскі закон Тубона абвяшчае, што «мовай выкладання, экзаменаў і конкурсаў, а таксама дысертацый і курсавых прац у дзяржаўных і прыватных установах навучання з'яўляецца французская мова». Варожа ставячыся да гэтага правіла, «якое належыць мінуламу стагоддзю», купка прэстыжных універсітэцкіх прафесароў лічыць, што абарона шматмоўя (дагэтуль жывучага, у наша стагоддзе, у большасці міжнародных арганізацый…) быццам бы пазбавіць англафонаў ад жадання прыехаць вучыцца ў Парыж.
 

Але «прыцягальнасць» той ці іншай мовы не зводзіцца да продажу курсаў навучання краінам на ўздыме. Яна сцвярджае сябе праз сваеасаблівую манеру камунікацыі з іншымі, манеру ўяўляць свет, у тым ліку той, што надыходзіць. Ці можа Францыя, якая змагалася за захаванне свайго кіно і сваіх песняў, пагадзіцца з тым, каб у адзін прыгожы дзень даследаванні і навука пачалі выказвацца выключна пры дапамозе мовы, дарэчы часта занядбанай, звышдзяржавы?
 

«Сёння, — адзначае лінгвіст Клод Ажэж (Claude Hagège), — парадоксам з'яўляецца тое, што справу амерыканізацыі, прасоўвання англійскай мовы бяруць на сябе не самі амерыканцы, а іншыя». На шчасце, не самі французы, а іншыя — у прыватнасці ў Афрыцы і Квебеку — дазваляюць трымацца моўнаму плюралізму. Іх стойкасць павінна была б натхніць палітыкаў больш за блажэнны фаталізм купкі універсітэцкіх прафесароў.

monde-diplomatique.by