Сусветныя цікавосткі: Галоўны вораг Еўропы, шантаж пашпартамі сто гадоў таму, мода на ведзьмакоў
Аказваецца, шантаж немагчымасцю атрымаць дакумент, што сведчыць асобу, выкарыстоўвалі яшчэ сто гадоў таму. І не ў Беларусі. Пра гэта і не толькі — чытайце ў свежым выпуску Сусветных цікавостак.
Шантаж пашпартамі — вынаходніцтва рэжыму не Лукашэнкі?
З нагоды новых правіл абмену беларускіх пашпартоў адзін з гісторыкаў згадаў падобныя кейсы з 1930-х. Ішла грамадзянская вайна ў Іспаніі, і польскі ўрад, які па шэрагу прычын сімпатызаваў мяцежнікам-франкістам, нечакана занепакоіўся, што вялікая колькасць палякаў (да 6 тысяч) ваюе ў якасці добраахвотнікаў на баку ўрадавых войскаў. Каб спыніць трэнд, было вырашана пазбаўляць удзельнікаў вайны на баку рэспубліканцаў польскага грамадзянства (калі, вядома, удавалася ўстанавіць удзел чалавека ў вайне).
Гэтага аказалася мала. Неўзабаве ў Варшаве прынялі закон, паводле якога маглі пазбавіць грамадзянства таксама і сваякоў тых, хто пайшоў ваяваць за іспанскую рэспубліку. Адначасова рэзка скарачаліся тэрміны дзеяння ўжо выдадзеных пашпартоў. Зрэшты, як пішуць гісторыкі, падобныя праблемы людзі імкнуліся вырашаць. Так, нехта добраахвотнік Густаў Мігатульскі з Тарнова ўзяў месячны водпуск, вярнуўся ў Францыю і зрабіў сабе ў консульстве новы пашпарт на падставе смерці свайго бацькі. Пасля таго, як пашпарт яму быў выдадзены, ён вярнуўся ў Іспанію.
У любым выпадку, на колькасць добраахвотнікаў гэтая мера польскага ўрада не паўплывала. Застаецца дадаць, што сярод палякаў-добраахвотнікаў былі сотні людзей з Заходняй Беларусі. Так што абыходзіць махінацыі ўлад з пашпартамі беларусам не ў навінку.
Па матэрыялах сацыяльных сетак
Трансгендара ў прэзідэнты
Цікавы жарт сыграў лёс з амерыканскай дэмпартыяй. Дэмакраты прыклалі безліч намаганняў, каб падняць статус трансгендараў, надзяліць іх грамадзянскімі правамі, разлічваючы ў тым ліку на іх галасы на выбарах. А што трансгендары? Адчуўшы сябе паўнавартаснымі амерыканцамі, яны лагічна задаліся пытаннем: чаму прэзідэнтам ЗША не можа быць трансгендар? І першы кандыдат-трансгендар на пасаду амерыканскага прэзідэнта на выбарах 2024-га на днях з'явіўся. Ім стала нейкая Джэйн Ней — лідар створанай ёю ж Ружовай партыі. Наогул сапраўднае імя кандыдата Джон Ней. Аднак не так даўно Джон вырашыў, што ён жанчына і ўзяў імя Джэйн. Палітычная праграма Джэйн сканцэнтравана на прыярытэце бяспекі ў школах, зняцці абмежаванняў на грузавыя перавозкі і на абароне дзяцей. Яшчэ адным прыярытэтным напрамкам дзейнасці Джэйн і яе партыі з'яўляецца кантроль над агнястрэльнай зброяй. Зрэшты, самае галоўнае, што Ружовая партыя дыстанцуецца ад партый істэблішменту, у тым ліку ад партыі дэмакратаў. Паколькі рэспубліканцы прытрымліваюцца кансерватыўнай пазіцыі, то кандыдат-трансгендар будзе відавочна гуляць на электаральным полі дэмакратаў, забіраючы ў іх галасы. Пакуль, праўда, Ружовая партыя не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы для партыі Байдэна, але з часам усё можа змяніцца.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы
Мода на ведзьмакоў
Туркменская прэса паведамляе аб буме попыту на паслугі ведзьмакоў і знахароў. Гэта датычыцца ўсіх слаёў грамадства: ад жыхароў аддаленых вёсак да членаў урада краіны. Нават лідар краіны Гурбангулы Бердымухамедаў з'яўляецца прыхільнікам такога кшталту забабонаў. Ён верыць у магію лічбы 7, выкарыстоўваючы яе на гоначных аўтамабілях і конях, а таксама рэгістрацыйных нумарах сваіх самалётаў.
Сёння попыт на паслугі ведзьмакоў шалёна вырас, пра што кажуць і іх расцэнкі. Калі раней за нейкія чары прасілі 150-250 манатаў ($8-13), то зараз такая паслуга можа дасягаць 50 даляраў. Магчыма, цяперашні ўсплёск цікавасці да ведзьмакоў абумоўлены модай на вядзьмарства ў Турцыі. Паслугамі туркменскіх ведзьмакоў усё часцей карыстаюцца турэцкія грамадзяне. З імі звязваюцца праз пасрэдніка, і ўсе рытуалы праводзяцца аддалена па фатаграфіі. Пры неабходнасці кліентам у Турцыю высылаюцца загавораныя ежа, адзенне або паперкі з замовамі і інструкцыі па іх прымяненні. Застаецца дадаць, што перыядычна паліцэйскія пачынаюць змагацца з ведзьмакамі і народнымі лекарамі. Аднак, як высветлілася, многія работнікі праваахоўных органаў і пракуратуры на самай справе забяспечваюць ведзьмакам абарону, бо самі рэгулярна іх наведваюць. Па словах суседзяў адной са знахарак, тая прыцягвае чарамі палюбоўніц, другіх і нават трэціх жонак кліентаў з сілавых ведамстваў.
Па матэрыялах туркменскай прэсы
Новы вораг Еўропы
Пакуль правы еўрапейскі палітыкум змагаецца з наплывам мігрантаў, у Еўропы з'явіўся новы вораг. Гэта так званыя інвазійныя віды раслін і жывёл, якія прама зараз імкліва заваёўваюць Цэнтральную Еўропу, выклікаючы непрадказальныя эфекты. Справа ў тым, што чужародныя віды ўсё больш выціскаюць мясцовую флору і фаўну. Пагрозу гэты працэс уяўляе і для людзей. Нямецкая газета «Tagesspiegel» цытуе аднаго берлінскага эпідэміёлага, які прагназуе ў самым хуткім часе масавыя заражэнні трапічнымі хваробамі жыхароў Берліна з-за з'яўлення ў горадзе т.зв. «тыгравых камароў». Эксперты мяркуюць, што цяпер каля 12 000 чужародных відаў рассяліліся па ўсёй тэрыторыі ЕС, з якіх каля 15 адсоткаў класіфікуюцца як інвазійныя, г.зн. якія патэнцыйна могуць нанесці шкоду. Ужо зараз у ЕС экалагічныя, эканамічныя і медыцынскія выдаткі, звязаныя з інвазійнымі відамі, ацэньваюцца ў дванаццаць мільярдаў еўра штогод. Па прагнозах навукоўцаў, да 2040 года агульная шкода ад неабітаў (так называюць інвазійныя віды раслін і жывёл) можа вырасці да «ашаламляльнай сумы ў 142,7 мільярда еўра». Так ці інакш на сённяшні дзень у ЕС няма скаардынаваных мер па прадухіленні і памяншэнні наступстваў уварвання неабітаў, што збольшага таксама тлумачыцца тэхнічнымі момантамі. Незаконнага мігранта яшчэ можна зафіксаваць на мяжы, затрымаць падчас хапуну і нават дэпартаваць. Але паспрабуйце затрымаць і дэпартаваць тыгравага камара.
Па матэрыялах нямецкай прэсы