Сын адказвае за бацьку

Гаіцянскі суд пастанавіў, што былы дыктатар Жан-Клод Дзювалье, сын дыктатара Франсуа Дзювалье, павінен быць прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правоў чалавека.  



215511.jpg

Нягледзячы на тое, што злачынствы Бэбі Дока (мянушка Жан-Клода) у гэтай сферы відавочныя — ёсць сотні фактаў катаванняў, забойстваў падчас яго праўлення, — дарога ў суд была вельмі доўгай. Нават напярэдадні судовага рашэння гаіцянскія СМІ заўзята спрачаліся наконт таго, ці сапраўды калі-небудзь Дзювалье-малодшага асудзяць за парушэнне правоў чалавека.

Юрыдычная валакіта вакол справы Дзювалье цягнецца ўжо два гады. Усё пачалося, калі Жан-Клод вярнуўся з эміграцыі і быў фармальна ўзяты пад хатні арышт. Дарэчы, да гэтага часу не пачаўся працэс за здзейсненыя ім эканамічныя злачынствы (паводле справаздачы арганізацыі «Global Transparency Report», ён уваходзіў у топ–10 самых карумпаваных палітыкаў 1980-х гадоў). Прычына простая: у цяперашняй палітычнай эліце ў Дзювалье шмат сваіх людзей. Нават прэзідэнт Мішэль Мартэлі паходзіць з сям’і, блізкай да клану Дзювалье.

Аднак у выніку, як бачым, лобі не дапамагло. Усё з-за таго, што пытанне суду над Бэбі Докам набыло больш глабальны маштаб. Як піша прэса, па сутнасці гаворка ідзе пра давер гаіцян да айчыннай Феміды. Такая гіпертрафаваная пастаноўка пытання, безумоўна, звязаная з фігурай бацькі Бэбі Дока — Франсуа Дзювалье, вядомага як Папа Док.

Папа Док лічыцца адным з самых брутальных дыктатараў у гісторыі. Час яго дыктатуры (1957–1971) адзначаны масавымі палітычнымі рэпрэсіямі, ахвярамі якіх сталі каля 29 тысяч чалавека. Дзювалье забараніў усе палітычныя партыі, акрамя кіруючай, зачыніў усе апазіцыйныя выданні, распусціў прафсаюзы і студэнцкія арганізацыі. Святары, якія не пажадалі праслаўляць яго рэжым, былі высланыя з краіны. Адзін з сілавікоў пазней узгадваў, што бос спусціў яму план — штогод забіваць 500 апазіцыянераў. За час кіравання Франсуа Дзювалье і так небагатая Гаіці стала самай беднай кранай свету.

Аднак за свае злачынствы Папа Док так і не адказаў. Ён памёр у 1971 годзе, паспеўшы правесці рэферэндум аб праве прызначаць пераемніка, якім і стаў Жан-Клод. Гэта быў адзін з самых арыгінальных плебісцытаў у гісторыі: з 2 391 916 прагаласаваўшых ніводны не выказаўся супраць. Цікава, што сам Жан-Клод, якому тады стукнула толькі 19 гадоў і які жыў як плэйбой, спачатку не хацеў улады. Ён спрабаваў перадаць паўнамоцтвы прэзідэнта сваёй старэйшай сястры. Аднак хутка стаў самым маладым у сусветнай гісторыі прэзідэнтам, прычым пажыццёвым.

Яго рэжым спачатку быў больш мяккі за бацькоўскі. Бэбі Док выпусціў шэраг палітвязняў, паслабіў ціск на прэсу і дазволіў публічна крытыкаваць сябе. Першымі рэформы заўважылі ў Вашынгтоне, дзе не ведалі, што рабіць з Гаіці з-за забабонаў Папы Дока і шукалі хоць нейкае апраўданне, каб дапамагаць свайму саюзніку. Адміністрацыя Ніксана аднавіла гуманітарныя пастаўкі ў краіну, хаця пры Джымі Картары амерыкана-гаіцянскія адносіны зноў сапсаваліся. Прыход у Белы дом адміністрацыі антыкамуніста Рэйгана, які баяўся экспансіі ідэй сандзіністаў на Карыбы, палепшыла стасункі. Аднак у выніку гэта паляпшэнне значыла татальную канчатковую залежнасць Гаіці ад паўночнага суседа. Як толькі кан’юнктура змянілася, Белы дом вырашыў пазбавіцца Дзювалье-малодшага. Менавіта пасля размовы з амерыканскім дыпламатам у 1986 годзе Жан-Клод імкліва збег з краіны. Перад гэтым ён паспеў даць інтэрв’ю, у якім заявіў, што яго рэжым «моцны, як хвост малпы».

Эміграцыі папярэднічала некалькі важных падзей. Па-першае, у 1978 годзе на Гаіці з’явіўся свіны грып, і міжнародныя медычныя ўстановы пастанавілі для прафілактыкі знішчыць усіх свіней, а гэта — галоўная хатняя жывёла бедных гаіцян. Па-другое, на пачатку 1980-х гадоў з-за эпідэміі СНІДу стаў паступова згортвацца турыстычны бізнэс. Абедзве падзеі сталі чыннікам жахлівай маргіналізацыі насельніцтва, якому ўжо не было чаго губляць.

Нельга сказаць, што ўлады сядзелі склаўшы рукі. Пры Жан-Клодзе назіраўся працэс манапалізацыі дзяржавай вытворчасці і імпарту тавараў масавага спажывання. Са шматлікімі даследчымі медыцынскімі ўстановамі за мяжой былі заключаны дамовы пра тое, што органы нябожчыкаў-гаіцян будуць прадавацца для эксперыментаў. Атрыманых сродкаў хапіла Жан-Клоду, каб у 1980 годзе арганізаваць шыкоўнае вяселле коштам у тры мільёны долараў. Такія грошы спатрэбіліся, па словах афіцыйных СМІ, каб аднавіць у краіне расавы мір. Справа ў тым, што нявеста Жан-Клода была мулаткай, якіх яго бацька Папа Док жорстка пераследаваў. Шлюб чорнага і мулаткі павінен быў перагарнуць драматычную старонку гэтай гісторыі.  

Магчыма, расавы мір і быў дасягнуты, аднак сацыяльны мір так і не надышоў. Даліў алею ў агонь візіт на Гаіці ў 1983 годзе Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, які падчас імшы сказаў, што «тут (маючы на ўвазе Гаіці) трэба нешта мяняць». Пасля гэтага фронда набыла масавы характар. Спроба ўвесці больш дэмакратычную канстытуцыю ў 1985 годзе не спыніла тэндэнцыю. Разумеючы, што сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю, Рональд Рэйган даў зразумець свайму сатэліту, што больш не будзе яго падтрымліваць.

Бэбі Док эміграваў у Францыю, дзе шыкоўна жыў на сваёй віле. Аднак ідылія скончылася хутка. Спачатку ад Жан-Клода сышла тая самая жонка-мулатка, адсудзіўшы добрую частку яго грашовых рэзерваў. Пасля сталі даставаць праваабаронцы. Парыж так і не даў былому дыктатару палітычнага прытулку. Такім чынам, фактычна, ён быў нелегалам, на што звярнулі ўвагу актывісты праваабарончых арганізацый. У Парыжы імігрантамі з Гаіці быў створаны камітэт, які пачаў рыхтаваць матэрыялы для іску супраць Дзювалье за парушэнні правоў чалавека. Узніклі праблемы са швейцарскімі банкамі, дзе экс-дыктатар трымаў капіталы. Федэральнае кіраванне юстыцыі Швейцарыі ў лютым 2009 года прыняло рашэнне аб перадачы Гаіці заблакаваных на рахунках у Швейцарыі сродкаў Дзювалье.

І Бэбі Док вырашыў вярнуцца на радзіму. Тым больш, што на самой Гаіці ніякай стабільнасцю пасля 1986 года і не пахла. Палітычная анархія, як заўсёды, вылілася ў настальгію па былых часах. У 2006 годзе на востраве быў створаны Фонд Франсуа Дзювалье, які даводзіў, што не толькі ўсё дрэннае было звязана з прозвішчам Дзювалье. Менавіта дзякуючы Папе Доку, быццам, у краіне сфармаваліся эфектыўная дзяржаўная вертыкаль, а чарнаскурыя дзеці атрымалі доступ да школьнай адукацыі.

Аднак, відаць, гэтыя дасягненні аказаліся не такімі вялікімі ў параўнанні з іншымі ўчынкамі Дзювалье. Інакш бы яго сына пасля вяртання не пасадзілі пад хатні арышт ужо на наступны дзень. Цяпер, пасля рашэння суда, быццам, ва ўсёй гэтай гісторыі засталося паставіць кропку. Аднак інтрыга захоўваецца. У пачатку студзеня ўсё той жа Мішэль Мартэлі выдаў Жан-Клоду Дзювалье дыпламатычны пашпарт, які дазваляе яму ў выпадку небяспекі зноў падацца на ўцёкі.