Рэха «чырвонага траўня»
Пяцьдзясят гадоў таму Францыю напаткаў глыбокі сацыяльны крызіс, вядомы ў гісторыі як «травень 1968-га». Гледзячы па артыкулах, прысвечаных юбілею, цалкам магчыма, што мы дасюль застаёмся закладнікамі тых падзей.
«Францыя спіць» — так называўся артыкул у газеце «Le Monde», якая выйшла прыкладна за паўтара месяцы да падзей 1968-га. Аўтар тэксту непакоіўся, што французская моладзь занадта кансерватыўная на фоне сваіх аднагодкаў, якія бунтуюць у ЗША і Германіі. Як гаворыцца, сурочыў. Літаральна праз месяц краіна была ахопленая студэнцкімі выступамі: уверцюрай да барыкадных баёў, усеагульнага страйку, урадавага крызісу, які ледзь не прывёў да адстаўкі Шарля дэ Голя. Хоць у выніку французскі прэзідэнт змог лакалізаваць пратэсты, эфект тых падзей апынуўся значна больш глабальным.
Нездарма, на думку выдання «Libération», менавіта пад пяцідзесяцігоддзе траўня 1968-га прэзідэнт Эмануэль Макрон запусціў пакет неаліберальных эканамічных рэформаў. Як піша газета, адміністрацыя Макрона, што правяла непапулярныя рэформы, мае намер дэманстратыўна скончыць з калектыўнай памяццю французаў пра «Чырвоны травень» (так часта называюць падзеі ў траўні 1968-га).
Памяць пра тое, што ў той час дзяды здолелі дамагчыся павышэння заробку ў сярэднім на 20 працэнтаў, да гэтага часу матывуе іх дзяцей і ўнукаў выходзіць на вуліцы. «Травень 1968-га. Можам паўтарыць!» — напісана на транспарантах удзельнікаў цяперашніх забастовак. А вось сярод бізнесу тыя падзеі — трагедыя. Наступствы тагачаснай перамогі працы над капіталам Францыя расхлёбвае да гэтага часу.
Тым цікавей чытаць шэраг публікацый, дзе сцвярджаецца, што «Чырвоны травень» па сваёй прыродзе не быў левым рухам. Хаця на барыкадах луналі чорныя і чырвоныя сцягі, па сваёй сутнасці гэта была маніфестацыя індывідуалізму і геданізму. Калі б зараз пачалося нешта падобнае, дык прэса стопрацэнтна б напісала пра бунт мажораў. Такі складнік пратэстаў, як індывідуалізм і антыаўтарытарызм, руйнаваў арганізацыйны прынцып левага руху, дзе асоба заўсёды падпарадкаваная інтарэсам калектыву. Невыпадкова пасля 1968 года мы назіраем працэсы эрозіі традыцыйных левых партый і прафсаюзаў. У гэтым плане агучваецца нават арыгінальны тэзіс, што без траўня 1968-га і наступнага паслаблення левых сіл да ўлады ніколі б не дарвалася такія заўзятыя антыкамуністы, як Рональд Рэйган іМаргарэт Тэтчэр.
Яшчэ далей ідуць расійскія СМІ. Там лічаць, што травень 1968-га быў ледзьве не першым Майданам у гісторыі. Нібыта ЦРУ мела зуб на Шарля дэ Голя, які марыў вярнуць Францыі статус вялікай сусветнай дзяржавы. Рэалізуючы свой план, генерал выставіў штаб NATO з Парыжу і наіўна намагаўся абмяняць долары на золата, што было нахабным выклікам на адрас Брэтан-Вудскай сістэмы. У выніку за акіянам, нібыта, вырашылі інспіраваць студэнцкія пратэсты. Версія, мякка кажучы, супярэчлівая — асабліва з улікам таго, што выступы студэнтаў мелі яскравы антыамерыканскі акцэнт праз вайну ва В’етнаме. З іншага боку, сапраўды, шмат хто (напрыклад, славуты журналісты Рэжы Дэбрэ) лічыць, што 1968-ы стаў пачаткам культурнай амерыканізацыі Еўропы, якая мела з часам і палітычныя наступствы.
Зрэшты, самі правыя, як і раней, крытычна ацэньваюць 1968-мы. Для іх бунт 50-гадовай даўніны застаецца пачаткам маральнай дэградацыі Захаду. «У фрэйдысцкім сэнсе ў траўні 1968-га быў забіты Бацька-аўтарытэт (чытай, таксама павага да дзяржавы), што адчыніла шлях да цяперашняга ўяўлення жыцця як гульні і некантраляванага дыктату глабальных фінансавых цэнтраў», — піша «Asian Times». Газета таксама адзначае, што ў 1968-м была знішчаная ўся архаічная мадэль адукацыі, на якой трымалася сістэма. «Студэнты і вучні адкінулі старую дысцыпліну, якая арыентавалася на вертыкальную перадачу ведаў і каштоўнасцяў ад генерацыі да генерацыі. Аднак гэта было супярэчлівым крокам, паколькі найбольш важным у адукацыі сталі не веды, а эмансіпацыя і крытычная думка», — піша газета.
Праўда, нават крытыкі «Чырвонага траўня» не адмаўляюць яго ўплыву на цяперашні паўсядзённы свет. «Усе мы — дзеці траўня 1968-га», — канстатуе ўсё той жа «Asian Times».
Сапраўды, нельга адмаўляць, што 1968 год стаў інтэлектуальным ферментам, які змяніў усе старыя коды і стандарты. На гэты юбілей былі выкрытыя новыя рэцыдывы 1968-га. Напрыклад, той год дапамог дэмакратызаваць свет моды. Да тых часоў еўрапейцы галоўным чынам замаўлялі сабе гарнітуры ў атэлье, якія, у сваю чаргу, арыентаваліся на заможных буржуа. Трыумф вуліцы ў 1968 годзе дэмакратызаваў густы. Цяпер людзі былі гатовыя без комплексаў апранацца ў крамах гатовага адзення — так званыя «prêt-à-porter». Менавіта тады быў закладзены падмурак з’яўлення цяперашніх папулярных брэндаў, вопратку якіх мы набываем падчас шопінгаў.
Таксама ледзь не ўпершыню на гэты юбілей было ўзнятае пытанне ўплыву траўня 1968-га на грамаду мігрантаў-мусульманаў. Пішуць, што праз «Чырвоны травень» Францыя і Еўропа праспалі праблему міграцыі. Пакуль філосафы, накшталт Мішэля Фуко, дыскутавалі пра антыаўтарытарную свядомасць, у эмігранцкім гета сфармаваўся дыскурс, варожы заходняму і дэмакратычнаму грамадству.
У велізарным масіве цяперашніх матэрыялаў пра травень 1968 года да гэтага часу няма адказу на галоўнае пытанне: дзе крыніцы паўстання? Як і раней, многія спрабуюць шукаць іх у сацыяльна-эканамічных фактарах і праблемах сацыялізацыі дзяцей пасляваеннага бэбі-буму.
Аднак бунт 1968-га не падобны на іншыя праз тое, што ставіў больш глабальныя пытанні. «Чаму вялізныя масы тады ахапіла незвычайнае адчуванне — жаданне выйсці са звыклай каляіны гісторыі і стварыць нешта сапраўды новае? Ці быў гэты ўтапічны імпульс, як часта абвінавачвалі рэлігійныя і палітычныя кансерватары, наіўным і небяспечным сном? У любым выпадку, сённяшнія мары чалавецтва здаюцца значна больш сціплымі і абарончымі па сваёй прыродзе — спыніць войны, вырашыць праблему голаду, стрымліваць эпідэміі, прадухіліць разбурэнне планеты з-за глабальнага пацяплення», — вызнае «New York Times».
Рэбус 1968-га да гэтага часу не вырашаны. Зрэшты, можа, гэта і лагічна, паколькі сам рух, магчыма, яшчэ не скончыўся. У французскай мове ёсць фраза «les années soixante-huit», якую можна перавесці як «гады 68-га». Раней лічылася, што «гады 68-га» скончыліся, калі прэзідэнтам у 1981-м быў абраны сацыяліст Франсуа Мітэран. Аднак цяпер усё часцей кажуць, што гэтая выснова, магчыма, была памылковай. Цяперашнія апытанні паказваюць — 52% французаў хацелі б паўтору падзей траўня 1968 года.