У Італіі ўведзены рэжым надзвычайнага становішча з-за землятрусу
Улады Італіі абвясцілі пра ўвядзенне надзвычайнага становішча ў зонах, пацярпелых ад землятрусу, перадае агенцтва ANSA.
Для аказання тэрміновай дапамогі італьянскі ўрад ужо выдаткаваў 50 мільёнаў еўра з фонду ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацыяў. Дакладная сума стратаў ад землятрусу пакуль не называецца.
Землятрус магнітудай 6,2 адбыўся ў цэнтральнай частцы Італіі, на паўднёвы ўсход ад горада Перуджа, уначы 24 жніўня. Больш за ўсё пацярпелі вобласці Умбрыя, Марка і Лацыё. Падземныя штуршкі адчуваліся і ў Рыме. Эпіцэнтр штуршкоў знаходзіўся ў Умбрыі, на глыбіні чатырох кіламетраў пад зямлёй. У 2009 годзе ў выніку землятрусу ў італьянскім горадзе Л’Акуіла загінулі больш за 300 чалавек. Цэнтральныя раёны Італіі — найбольш сейсманебяспечная зона ў краіне.