У Японіі стралялі ў Сіндза Абэ. Экс-прэм'ер памёр у шпіталі (дапоўнена)
У японскім горадзе Нара стралялі ў былога прэм'ер-міністра Сіндза Абэ.
Найбуйнейшыя СМІ паведамілі, што былы прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ памёр у шпіталі, куды трапіў пасля замаху на яго.
Адразу пасля нападу сакратар урада
Японіі Харакадзу Мацуна пацвердзіў журналістам, што ў Абэ стралялі, але сказаў,
што пра стан былога прэм'ера пакуль нічога не вядома.
Нейкі мужчына двойчы стрэліў у спіну Абэ са стрэльбы, калі той выступаў з прамовай у горадзе Нара.
«Абэ даставілі ў бальніцу, але, па апошніх звестках, у яго — «спыненне сардэчна-лёгачнай сістэмы». Гэта можа азначаць, што ён мёртвы, але гэта пакуль не пацверджана», — перадае карэспандэнт ВВС у Токіа адразу пасля замаху.
Агенцтва Франс-Прэс тлумачыць, што тэрмінам «спыненне сардэчна-лёгачнай сістэмы» японцы абазначаюць клінічную смерць.
Мужчыне, які страляў, прыкладна 40 гадоў, яго затрымалі. Зрэшты, ён і не спрабаваў уцякаць.
67-гадовы Сіндза Абэ сышоў у адстаўку з пасады прэм'ера ў 2020 годзе, але заставаўся ўплывовай фігурай у кіроўнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Японіі.
«Гэта велізарны шок для жыхароў Японіі, краіны, дзе валоданне агнястрэльнай зброяй жорстка абмежаванае, а гвалту ў палітыцы няма амаль зусім», — тлумачыць карэспандэнт ВВС ў Токіа.
«Ён выступаў з прамовай, і ззаду падышоў чалавек. Першы стрэл прагучаў нібы быў несапраўдны. Ён не ўпаў, толькі быў гучны гук. Другі стрэл было лепш відаць, быў дым і ўспышка», — цытуе агенцтва Франс-Прэс відавочцаў.
Паводле ВВС