Сілы АДКБ не ўдзельнічаюць у баявых аперацыях у Казахстане. Але гэтыя вайскоўцы ўжо атрымалі баявы досвед ва Украіне

Сілы АДКБ у Казахстане не выкарыстоўваюцца ў баявых аперацыях. Пра гэта заявіў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Казахстана Даўрэн Абаеў.

Самалёт з беларускімі вайскоўцамі

Самалёт з беларускімі вайскоўцамі

"Што да АДКБ, дык хачу адзначыць наступнае. Уведзены міратворчы кантынгент краін АДКБ. Місія з'яўляецца міратворчай. Салдаты АДКБ не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях і не займаюцца ліквідацыяй баевікоў. Не трэба блытаць міратворчую місію з уводам Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання", — заявіў Абаеў, перадае телеграм-канал Orda.kz.

Па словах Абаева, вайскоўцы  сіл АДКБ адказваюць за прыкрыццё і ахову дзяржаўных аб'ектаў. Ён дадаў, што зачыстку Алматы 6 студзеня праводзілі падраздзяленні "Арыстан", "Арлан", "Беркут" і Міністэрства абароны.

АДКБ вырашыў даслаць у Казахстан каля 2,5 тысячы вайскоўцаў, якіх называюць “міратворчымі сіламі”. Раней прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў звярнуўся па дапамогу да АДКБ і назваў тое, што адбываецца ў краіне, “тэрарыстычнай атакай”.

Ад Беларусі ў Казахстан паляцела рота са складу 103-й паветрана-дэсантнай Віцебскай брыгады сіл спецыяльных аперацый.

Між тым, журналісты InformNapalm прыйшлі да высновы, што шматлікія расійскія падраздзяленні, дасланыя цяпер у Казахстан, ужо маюць баявы досвед ва Украіне. Так, напрыклад, 45-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння ПДВ, 98-я дывізія ПДВ і войскі цэнтра спецыяльнага прызначэння РФ "Сенеж". Згодна з расследаваннямі міжнароднай разведвальнай супольнасці InformNapalm, усе гэтыя падраздзяленні РФ прымалі ўдзел у агрэсіі супраць Украіны не толькі ў падчас аперацыі захопу і акупацыі Крыму, але і ў баявых дзеяннях на Данбасе.

Паводле belmarket.by, informnapalm.org