У Літве забаранілі продаж алкаголю асобам, маладзейшым за 20 гадоў
У Літве зрабілі больш жорсткім продаж алкаголю: забаранілі продаж алкаголю асобам, маладзейшым за 20 гадоў.
У Літве з 1 студзеня павысілі ўзрост для
куплі і ўжывання алкаголю. З 1 студзеня ў краіне ўступае ў сілу закон, які
абмяжоўвае продаж алкаголю асобам маладога ўзросту. Цяпер спіртныя напоі
змогуць купляць толькі асобы старэйшыя за 20 гадоў, паведамляе Delfi.
«З 1 студзеня 2018 года ўжываць і купляць алкаголь у Літве на законнай падставе змогуць асобы, старэйшыя за 20 гадоў. ...Змяняецца таксама час продажу алкаголю. З гэтага часу яго будуць прадаваць з 10 да 20 гадзін у працоўныя дні і з 10 да 15 гадзін у нядзелю», — гаворыцца ў паведамленні.
Падчас абмеркаванняў новых правілаў, выканаўчы дырэктар Літоўскай асацыяцыі гандлёвых кампаній Лаўрынас Вілімас звярнуў увагу на тое, што праблемы ў асноўным будуць не ў крамаў, а ва ўстаноў грамадскага харчавання.
«Будзе цяжка ўявіць, як студэнты першага і другога курсу з калегамі пойдуць, скажам, у начны клуб, і барменам давядзецца кантраляваць, каб 19-гадовым алкаголь не прадавалі, а іх 20-гадовым сябрам — прадавалі», — адзначыў ён.