У Маскве гарэў дзіцячы гандлёвы цэнтар, прынамсі адзін чалавек загінуў
Днём 4 красавіка пачаўся пажар у гандлёвым цэнтры «Персей для детей» на ўсходзе Масквы, паведамляе «Радыё Свабода».
![259c0297_ffb7_4bdd_8745_048d9acc1c7e_w1023_r1_s.jpg 259c0297_ffb7_4bdd_8745_048d9acc1c7e_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/259c0297_ffb7_4bdd_8745_048d9acc1c7e_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле РИА Новости, супрацоўнік гандлёвага цэнтру загінуў у машыне хуткай дапамогі. Супрацоўнік МНС заявіў «Коммерсанту», што загінулы «пераблытаў шляхі да выхаду», пабег у бок агню, надыхаўся дыму і не змог выбрацца. Таксама пацярпелі тры пажарныя. З гандлёвага цэнтру ўратавалі 20 чалавек, эвакуяваліся яшчэ некалькі соцень.
Следчыя распачалі крымінальную справу аб прычыненні смерці па неацярожнасці, вінаватым можа пагражаць да трох год турмы.
![c0ecd38e_a196_412b_a8ac_d2ad216ae138_w650_r0_s.jpg c0ecd38e_a196_412b_a8ac_d2ad216ae138_w650_r0_s.jpg](/img/v1/images/c0ecd38e_a196_412b_a8ac_d2ad216ae138_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пажар згасілі прыблізна праз паўтары гадзіны пасля пачатку. Здарэнню надалі «падвышаны» ранг складанасці, ратаўнікі трымалі гатовымі два верталёты для тушэння. Як піша ТАСС, пажар адбываўся толькі на апошнім паверсе, дзе быў склад цацак (паводле тэлеканалу «Масква-24», таксама там быў дзіцячы клюб).
Як сцвярджае МНС, пажарная праверка праводзілася ў цэнтры «Персей для детей» год таму ў сакавіку, тады парушэнняў, што маглі адбіцца на цяперашнім пажары, не выявілі. Пажарныя сістэмы спрацавалі «ў штатным рэжыме».
Таксама сёння людзей эвакуявалі праз задымленне ў гандлёвым цэнтры ў расійскім Саратаве, днём раней — у гандлёвым цэнтры ў Разані. У абодвух здарэннях пра пацярпелых не паведамлялася.
У Расіі ішлі масавыя праверкі пажарнай бяспекі ў месцах масавага знаходжання людзей пасля пажару ў Кемерава, дзе загінулі не менш за 64 чалавекі, сярод якіх было шмат дзяцей. Уладзімір Пуцін назваў прычынай пажару «злачынную нядбайнасць і разгільдзяйства».
Масавыя праверкі таксама праходзілі ў Беларусі (больш як на 75% правераных абʼектаў выявілі парушэнні), дзе быў абвешчаны фактычны дзень нацыянальнай жалобы з нагоды расійскай трагедыі.