У Амстэрдаме адбылася акцыя салідарнасці з Беларускім народам
Беларуская суполка правяла акцыю салідарнасці і падтрымкі беларусаў, якія ўжо трэці месяц змагаюцца за свабоду супраць рэпрэсіўнага рэжыму былога прэзідэнта Лукашэнкі, які, нягледзячы на прайграныя выбары, працягвае ўтрымліваць уладу шляхам дзяржаўнага тэрору.
Як заўважыў Марцін Лютар Кінг, несправядлівасць дзе-небудзь пагражае справядлівасці ўсюды, бо поспех рэжыму, якіх трымаецца выключна на гвалце, можа паказаць іншым рэжымам, што можна прыгнятаць народы беспакарана.
Арганізатары акцыі звярнулі ўвагу на тое, што перамога народа яшчэ не дасягнутая. Нягледзячы на гэта, дзіўная адвага беларусаў, якія працягваюць барацьбу выключна мірнымі метадамі, заслугоўвае павагі і падтрымкі міжнароднай грамадскасці.
Арганізатары заявілі, што тое, што адбываецца сёння ў Беларусі - гэта апафеоз паліцэйскага гвалту: на дадзены момант вядома аб больш за тысячу выпадкаў катаванняў, а таксама тры выпадкі сэксуальнага гвалту і шэсць смерцяў. Удзельнікі акцыі паспрабавалі данесці што гэта адбываецца прама цяпер, у 21 стагоддзі, у геаграфічным цэнтры Еўропы, у краіне, якая мяжуе з краінамі ЕС.
Удзельнікі акцыі заклікалі падтрымаць беларусаў у іх барацьбе і пажадалі ім хутчэй дасягнуць пастаўленых мэтаў:
1. Адстаўка Лукашэнка.2. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.
3. Пакаранне ўсіх датычных да гвалту.
4. Правядзенне сумленных і празрыстых выбараў.
Удзельнікі акцыі сабраліся на цэнтральнай плошчы Амстэрдама. Былі раздадзеныя ўлёткі і буклеты з інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў РБ. Акцыя прыцягнула ўвагу жыхароў і гасцей горада. Усяго ў акцыі прыняло ўдзел каля 40 чалавек.
Паводле прэс-рэліза