У Расіі паставілі помнік гарадам-героям — без Мінска, Кіева і Адэсы

У горадзе Туапсэ Краснадарскага краю Расіі ўсталявалі помнік гарадам-героям Вялікай Айчыннай вайны. На ім пералічаныя 9 гарадоў-герояў з 12 — не хапае Мінска, Кіева і Адэсы, а таксама Брэсцкай крэпасці, якая мае статус крэпасці-героя, піша Еўрарадыё.

Помнік гарадам-героям у Туапсэ / kubnews.ru

Помнік гарадам-героям у Туапсэ / kubnews.ru

Але расіян найбольш абурыла не гэта, а арфаграфічныя памылкі на помніку. Яго аўтары забыліся паставіць злучок у словазлучэнні «гарады-героі» і недакладна спалучылі словы «памяти павших» (на помніку напісана «памяти павшим»).
Ёсць і іншыя недакладнасці: сярод гарадоў-герояў пералічаны Валгаград, які ў часы вайны называўся Сталінградам. У той жа час Ленінград пакінуты на памятнай пліце пад тагачаснай назвай, а не пад сучаснай — Санкт-Пецярбург.
У прэс-службе гарадской адміністрацыі паведамілі, што ў цяперашні час манумент закрыты. Усе памылкі на ім будуць выпраўленыя. Няблага было б, каб таксама была ўзноўленая справядлівасць і на яго былі дададзеныя беларускія і ўкраінскія гарады, а таксама Брэсцкая крэпасць-герой.
Паводле euroradio.fm