У Расіі заблакавалі сайты «Эхо Москвы» і «Дождя». Венядзіктаў паведаміў пра адключэнне ад эфіру

Генеральная пракуратура Расіі запатрабавала абмежаваць доступ да сайтаў радыёстанцыі «Эхо Москвы» і тэлеканала «Дождь».

754598820285476.jpeg

Такое рашэнне тлумачыцца «мэтанакіраваным і сістэматычным размяшчэннем інфармацыі» з заклікамі да «экстрэмісцкай дзейнасці, гвалту, а таксама загадзя ілжывых звестак у дачыненні да дзеянняў расійскіх вайскоўцаў у рамках правядзення спецыяльнай аперацыі па абароне ДНР і ЛНР».

Раскамнагляд па патрабаванні Генпракуратуры ўжо заблакаваў сайты «Дождя» і «Эхо Москвы». Паводле звестак сайта GlobalCheck, амаль усе аператары ўжо заблакавалі сайты тэлеканала і радыёстанцыі.

Галоўны рэдактар «Эха Москвы» Аляксей Венядзіктаў напісаў, што радыёстанцыю адключылі ад эфіру.

Кіраўніца інфармацыйнай службы «Дождя» Кацярынай Катрыкадзэ распавяла «Настоящему времени»: «Гэта чаканая гісторыя, зразумела. Мы разумелі, што нешта падобнае будзе адбывацца. Мы бачым, як афіцыйныя асобы пастаянна нагадваюць расійскаму грамадству, што ўсе, хто супраць вайны, з'яўляюцца здраднікамі. Мы ўсведамляем, што ўся плынь інфармацыі, што выходзіць у эфіры і на сайце, нягледзячы на тое, што мы ўвесь час балансуем, у нас у эфіры дэпутаты Дзярждумы, мы ўвесь час зачытваем паведамленні Мінабароны і іншых афіцыйных асоб, сам факт прысутнасці ўкраінскага пункту гледжання, несумненна, з'яўляецца грандыёзнай праблемай у гэтых умовах. Далей можа быць яшчэ горш», — адзначыла Катрыкадзэ.