У расійскае консульства ў Львове шпурнулі кактэйль Молатава
Расія назвала інцыдэнт «тэрарыстычным актам».
![Плакат на плоце расійскага консульства ў Львове падчас акцыі з патрабаваннем да Масквы прызнаць Галадамор генацыдам украінцаў, 27 лістапада 2020-га Плакат на плоце расійскага консульства ў Львове падчас акцыі з патрабаваннем да Масквы прызнаць Галадамор генацыдам украінцаў, 27 лістапада 2020-га](/img/v1/images/e0538e92_c321_4285_9619_b8ec76808004_w1023_r1_s.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Плакат на плоце расійскага консульства ў Львове падчас акцыі з патрабаваннем да Масквы прызнаць Галадамор генацыдам украінцаў, 27 лістапада 2020-га
Міністэрства замежных спраў Расіі заявіла, што ў консульства Расіі ва Украіне, якое знаходзіцца ў Львове, кінулі кактэйль Молатава. Расійскі бок назваў напад «тэрарыстычным актам». У расійскае МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Украіны, каб выказаць афіцыйны пратэст, і запатрабавалі ад Кіева прабачэнняў.
Украінская паліцыя заявіла, што распачала расследаванне па факце здарэння, якое яны назвалі «хуліганствам».
Інцыдэнт адбыўся ў той час, калі напружанасць паміж Кіевам і Масквой абвастрылася пасля таго, як Расія засяродзіла каля 100 000 вайскоўцаў каля сваёй мяжы з Украінай, а Злучаныя Штаты назвалі гэта магчымай прэлюдыяй да ўварвання.
Новыя спадарожнікавыя здымкі, зробленыя прыватнай амерыканскай кампаніяй, паказалі, што Расія ў апошнія тыдні працягвала размяшчаць танкі, мабільныя ракетныя артылерыйскія сістэмы і перадавыя батарэі балістычных ракет малой далёкасці паблізу мяжы, а таксама на Крымскім паўвостраве, які Расія незаконна анексавала ў 2014 годзе.
На здымках, апублікаваных амерыканскай кампаніяй «Maxar Technologies» 23 снежня, па стане на 13 снежня бачная база ў Крыме, запоўненая сотнямі адзінак бранятэхнікі і танкаў. Спадарожнік «Maxar» на здымках таго ж месца ў кастрычніку паказваў, што база была напалову пустой.