У РФ забаранілі ананімнае карыстанне мессенджэрамі

Пастанова прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева забараняе карыстальнікам мессенджэраў указваць пры ідэнтыфікацыі чужыя нумары тэлефонаў.

internet_3113279_1280.jpg


У Расіі карыстальнікам мессенджэраў забаранілі выкарыстоўваць чужыя нумары тэлефонаў для ідэнтыфікацыі, паведамляе dw.com. Апошнюю варта ажыццяўляць праз аператараў сувязі на падставе дагавораў, заключаных iмi з уладальнікамі мабільных тэлефонаў. Пастанову аб правілах ідэнтыфікацыі карыстальнікаў мессенджэраў падпісаў яшчэ 27 кастрычніка прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў. Тэкст гэтага дакумента апублікаваны ў аўторак, 6 лістапада, на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі, у сілу ён уступіць праз 180 дзён пасля публікацыі.
Пры праходжанні ідэнтыфікацыі адміністрацыя мессенджэра павінна накіраваць аператару сувязі запыт аб наяўнасці інфармацыі аб абаненце ў яго базе дадзеных. Для адказу на запыт адведзена 20 хвілін. Калі на працягу гэтага часу аператар не прадаставіць дадзеныя аб абаненце альбо паведаміць аб іх адсутнасці ў яго базе дадзеных, працэдура ідэнтыфікацыі будзе лічыцца не пройдзенай, і мессенджэр будзе абавязаны адмовіць карыстальніку ў паслугах.
Адначасова пастанова абавязвае аператараў сувязі на працягу сутак апавяшчаць адміністрацыю мессенджэраў аб скасаванні дагавора з абанентам. У гэтым выпадку карыстальнік павінен будзе прайсці паўторную працэдуру ідэнтыфікацыі ў мессенджэры.
Нагадваем, што з 1 снежня ў Беларусі ўводзіцца абавязковая ідэнтэфікацыя каментатараў інтэрнэт-рэсурсаў. Яна будзе адбывацца па нумары тэлефона карыстальніка.