У Стамбуле прайшла шматтысячная акцыя пратэсту супраць прысуду апазіцыянерцы, якую асудзілі за абразу Эрдагана

Пра шматтысячныя антыўладныя пратэсты ў Стамбуле паведамляе «Свабода».

download_271.jpg

У Стамбуле тысячы людзей выказалі пратэст супраць судовага прысуду ў дачыненьні апазыцыйнага палітыка Джанан Кафтанджыаглу, абвінавачанай у абразе прэзыдэнта і публічным прыніжэньні дзяржавы.
Буйная акцыя пратэсту адбылася на вуліцах Стамбулу 21 траўня ў сувязі з рашэньнем суду, вынесеным у дачыненьні да апазыцыйнага палітыка, кіраўніцы стамбульскага аддзяленьня Народна-рэспубліканскай партыі (НРП), дыплямаванага лекара Джанан Кафтанджыаглу. Пратэстоўцы прадэманстравалі салідарнасьць з Кафтанджыаглу, выкрыкваючы лёзунгі з патрабаваньнем выконваць «правы, закон, справядлівасьць», піша Deutsche Welle.
Дзесяць дзён таму суд пакінуў у сіле рашэньне, у адпаведнасьці зь якім Кафтанджыаглу асуджана на 4 гады, 11 месяцаў і 20 дзён па абвінавачаньні ў абразе прэзыдэнта і публічным прыніжэньні турэцкай дзяржавы.
Апэляцыйны суд скараціў тэрмін турэмнага зьняволеньня Кафтанджыаглу ўдвая. Па турэцкім заканадаўстве прысуд да 5 гадоў пазбаўленьня волі прыпыняецца і можа быць умоўным, таму апазыцыянэрка ня будзе заключаная ў турму. Аднак, паводле слоў яе адваката, ёй будзе забаронена займацца палітычнай дзейнасьцю на працягу 5 гадоў.
У НРП сьцьвярджаюць, што прысуд стаў рэакцыяй на тое, што ў канцы чэрвеня 2019 году прадстаўнік гэтай партыі Экрэм Імамаглу на выбарах мэра Стамбулу абышоў Біналі Йылдырыма, кандыдата ад Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР) прэзыдэнта краіны Эрдагана, што стала крыўднай паразай для кіраўніка краіны. У выніку найважнейшая пасада мэра ў Турэччыне ўпершыню за доўгі час дасталася апазыцыянэру. 50-гадовая Кафтанджыаглу аказвае падтрымку Імамаглу і лічыцца яго «правай рукой».