Невядомы бунт 68-га. Студэнцкая забастоўка ў Югаславіі

1968 год увайшоў у гісторыю як год шматлікіх моладзевых бунтаў. На розум адразу прыходзяць «Чырвоны май» у Францыі, бітва ў Вале-Джуліі ў Італіі, «Пражская вясна» ў Чэхаславакіі. Але быў у гэтым шэрагу яшчэ адзін пратэст, які застаўся амаль незаўважаным светам, але моцна паўплываў на будучы лёс сваёй краіны.

Югаслаўскія сілавікі разганяюць дэманстрацыю студэнтаў. Фота з сайта livejournal.com

Югаслаўскія сілавікі разганяюць дэманстрацыю студэнтаў. Фота з сайта livejournal.com

Гэта была студэнцкая забастоўка ў Югаславіі. Што агульнага можа быць у французскіх бунтароў-антыкапіталістаў і югаслаўскай моладзі, якая, здавалася б, жыла ў сацыялістычнай краіне, спрабуе разабрацца budzma.org.

Трэці шлях Югаславіі

Пасля Другой сусветнай вайны на Балканах была ўтворана новая дзяржава Федэратыўная Народная Рэспубліка Югаславія. На яе чале стаў лідар югаслаўскіх камуністычных партызан Ёсіп Броз Ціта. У 1963 годзе краіна змяніла афіцыйную назву на Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславія (СФРЮ). Здавалася б, як і большасць сацыялістычных дзяржаў, яна мусіла ісці ў фарватары савецкай палітыкі, ва ўсім капіруючы «першую дзяржаву Саветаў». Але ў рэальнасці справы тут пайшлі зусім інакш. Парваўшы с Савецкім Саюзам яшчэ ў 1948 годзе, кіраўніцтва краіны абвясціла асобны шлях для сваёй маладой рэспублікі. У Югаславіі склалася даволі цікавая сітуацыя. Уся паўната палітычнай улады была сканцэнтравана ў руках бюракратычнага апарату на чале з Саюзам Камуністаў Югаславіі (СКЮ). І ў гэтым плане яна мала ў чым адрознівалася ад іншых краін сацыялістычнага лагеру. Але зусім іншая справа была ў эканоміцы. Пад лозунгам працоўнага самакіравання прапагандаваўся адыход ад савецкай формы сацыялізму. Сродкамі вытворчасці павінны былі распараджацца не партыйная бюракратыя, а непасрэдныя вытворцы. У 1965 годзе было абвешчана аб стварэнні ў краіне сацыялістычнай рыначнай гаспадаркі. Дзяржава ўзяла курс на інтэграцыю ў сусветны рынак. Больш за тое, у адрозненне ад іншых кіраўнікоў камуністычных дзяржаў, Ціта не закрываў межы краіны. Людзі мелі магчымасць ездзіць у Заходнюю Еўропу. СФРЮ была адзінай сацыялістычнай краінай, дзе не забаранілі заходнюю рок-музыку. У краіне адбылася прамая трансляцыя выступу «The Beatles» у 1967 годзе. У тым жа Савецкім Саюзе ў той час такое цяжка было нават уявіць.

Ёсіп Броз Ціта. Фота з сайта wikipedia.org

Ёсіп Броз Ціта. Фота з сайта wikipedia.org

Аднак для югаслаўскай мадэлі былі характэрныя шматлікія супярэчнасці і праблемы. Афіцыйныя лідары з высокіх трыбун абвяшчалі, што дзяржава імкнецца да максімальнай дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі грамадскага жыцця. Але ў рэальнасці ў краіне панавалі аўтарытарызм і партыйны кантроль. Разам з палітычнымі супярэчнасцямі выяўляліся і сацыяльныя праблемы. СКЮ абяцаў народу сацыяльную справядлівасць. Але на самай справе шырока распаўсюджаны былі прывілеі, кумаўство і карупцыя. Сацыяльная няроўнасць толькі ўзрастала.

«Далоў чырвоную буржуазію»!

У гэтай сітуацыі і ўспыхнуў югаслаўскі 1968 год. Увечары 2 чэрвеня пасля канцэрта адбыліся сутычкі паміж моладдзю і бялградскай міліцыяй. На наступны дзень студэнты рушылі па вуліцах сталіцы з антыміліцэйскімі лозунгамі. Кіраўнік міліцыі Нікола Бугарчыч загадаў спыніць студэнтаў любымі сродкамі. Міліцыя ўжыла баявую зброю супраць мітынгоўцаў. У адказ студэнты ўвечары таго ж дня захапілі будынак універсітэта Бялграда і абвясцілі забастоўку. Накіраваны спачатку супраць міліцэйскага свавольства, пратэст хутка набыў сацыяльна-палітычную афарбоўку. Трэба зазначыць, што гэтыя выступы не насілі антыкамуністычны ці антыдзяржаўны характар. Ідэйным натхняльнікам студэнтаў стала група, аб’яднаная вакол часопіса «Праксіс» — неартадаксальнага марксісцкага філасофска-сацыялагічнага выдання. Рух пратэсту шукаў сваю ідэнтычнасць у пабудове так званага «сапраўднага» камунізму. Студэнты абвясцілі пра стварэнне «Чырвонага ўніверсітэта Карла Маркса», а на ўваходзе вісеў партрэт прэзідэнта Ціта.
Хутка пратэсты ахапілі і іншыя буйныя гарады Югаславіі — Заграб, Сараева, Любляну. Студэнты іншых частак краіны падтрымалі сваіх калег з Бялграда і таксама вылучылі патрабаванні аб неабходнасці дэмакратызацыі дзяржавы на справе, а не толькі на словах. Да пратэсту сталі далучацца і выкладчыкі, асабліва з гуманітарных факультэтаў. Нават арганізацыя СКЮ бялградскага ўніверсітэта падтрымала забастоўку.
На філасофскім факультэце бялградскага ўніверсітэта інтэнсіўна сталі распрацоўваць праграму дзеянняў па дэмакратызацыі дзяржавы. Прытрымліваючыся прыкладу Французскай буржуазнай рэвалюцыі, сфарміравалі «канвенты» па выпрацоўцы новых ідэй для эканомікі, палітыкі і іншых сфер грамадскага жыцця. Прафесары працягвалі чытаць лекцыі і абмяркоўвалі са студэнтамі ўсе праблемы краіны. Студэнты патрабавалі лібералізацыі сістэмы адукацыі, выступалі супраць кансерватараў і сталіністаў у кіраўніцтве партыі, супраць маніпуляцый партакратамі існуючымі палітычнымі інстытутамі, якія пераўтварыліся ў звычайную прафанацыю. Па сутнасці, бялградскія студэнты вылучылі шмат у чым тыя ж самыя лозунгі, што і студэнты парыжскай Сарбоны ў той жа момант. Моладзь абуралася колькасцю асабістых віл партыйных дзеячаў, дзясяткамі чорных мэрседэсаў, якімі тыя карысталіся ў якасці службовага аўтатранспарту. Усё гэта абсалютна не адпавядала дэклараванаму дзяржаўнай прапагандай курсу на пабудову сацыялізму. Самым папулярным лозунгам стаў «Далоў чырвоную буржуазію»!

Сітуацыя ўсё больш накалялася, студэнтаў падтрымлівалі ўжо не толькі інтэлігенцыя і прадстаўнікі творчых прафесій, але і частка рабочых на прадпрыемствах. Партыйнае кіраўніцтва сур’ёзна абмяркоўвала магчымасць уводу вайсковых часцей у сталіцу для задушэння забастоўкі.

f2ekc8y87ejfoxewn4vfr06guszgtg2e.png

 


З бунтароў у эліту

Аднак эскалацыі ўдалося пазбегнуць. Партыйныя функцыянеры здолелі ўтрымаць працоўную масу ад адкрытага выступу, а да студэнтаў звярнуўся сам прэзідэнт Ёсіп Броз Ціта. 9 чэрвеня ён выступіў з телерадыёзваротам да грамадзян краіны. Ціта прызнаў, што шмат у чым студэнты мелі рацыю. Паабяцаў змагацца з завышанымі заробкамі сярод партыйных функцыянераў, колькасцю асабістых віл і аўтамабіляў ды іншымі «несацыялістычнымі з’явамі». Але адначасова ён указаў на нібыта пранікненне ва ўніверсітэцкае асяроддзе «розных шкодных элементаў».
Прэзідэнт заявіў, што 95% навучэнцаў на самай справе лаяльныя ўладзе, і ўсяго толькі 5% — «ворагі», якія ўліліся ў студэнцкі рух. Тым самым былі адчынены дзверы для будучых чыстак, якім былі ў наступныя гады падвергнуты непакорлівыя і крытычна настроеныя студэнты, інтэлігенты і ўніверсітэцкія выкладчыкі. Сказалася таксама інертнасць вялікай масы пратэстоўцаў.
Як зазначыў югаслаўскі сацыёлаг, адзін з тагачасных лідараў студэнцкіх выступаў Мілан Нікаліч: «У 1968 годзе многія югаслаўскія студэнты ўсё яшчэ верылі ў тое, што палітычная эліта будавала ці імкнулася пабудаваць "сацыялізм" — грамадства, у якім годнае жыццё большасці грамадзян было галоўнай задачай высокапастаўленых палітыкаў; што, нягледзячы на некаторыя адхіленні ад ідэалу, распаўсюджаныя на ніжэйшых узроўнях улады, старая гвардыя па-ранейшаму адданая вялікай гістарычнай ідэі сацыялізму. Але ў той жа час іх абураў раскошны стыль жыцця кіруючай эліты. Гэтая супярэчнасць магла быць растлумачана як своеасаблівыя "ўцёкі ад праўды".
Большасць студэнтаў, як сказаў нехта пазней, "не адважваліся разабрацца да канца" — і прыйсці да ясных высноваў аб сутнасці кіруючай эліты і створанага ёю рэжыму. Многія з іх аказаліся напалоханымі раптоўна атрыманай свабодай і былі шчаслівыя вярнуцца ў бяспечнае рэчышча афіцыйнай палітычнай парадыгмы, асабліва пасля прамовы Ціта, якая падбадзёрвала і пагражала адначасова. Але ў той жа час яны зразумелі, у якім грамадстве яны жывуць. Гэтая праўда адкрылася перад іхнімі вачыма падчас канфрантацыі».
Выціснутыя з палітычнага жыцця, многія актывісты знайшлі сябе ў іншых сферах. З іх асяродку выйла шмат тэатральных і кінарэжысёраў, пісьменнікаў, паэтаў, сацыёлагаў і (трошкі пазней) палітыкаў. Можна сказаць, што гэтыя маладыя бунтары праз час сталі часткай нацыянальных эліт спачатку ў адзінай Югаславіі, а пасля яе развалу — у асобных незалежных дзяржавах.

Што засталося ў рэшце рэшт ад югаслаўскага «гарачага лета» 68-га?

Нягледзячы на шматлікія рэпрэсіі, якія пачаліся ўжо ў ліпені таго ж года, грамадства здолела назаўжды пазбавіцца значнай колькасці ілюзій наконт кіруючага рэжыму краіны аб нібыта яго няўсыпным дбанні пра народны дабрабыт. Адбылася, калі так можна сказаць, дэсакралізацыя Саюза Камуністаў Югаславіі і нават у нейкай ступені самога прэзідэнта Ціта.
Як пісаў пазней той жа Мілан Нікаліч: «Многія з удзельнікаў тых падзей — а іх было дзясяткі тысяч — да гэтага часу носяць гэтую пячатку паўстання. Вось чаму мы — унікальнае пакаленне, і чаму мы заўсёды пазнаем адно аднаго пры сустрэчы. Юным і наіўным, нам выпала ўбачыць безабаронных і спалоханых кіраўнікоў, і з таго часу мы не маглі больш паважаць ці баяцца іх».
Ілля Дняпроўскі, Budzma.org