У Маскве хочуць паставіць памятны знак Нямцову
Партыя "Парнас" накіравала маскоўскім уладам ліст з заявай аб гатоўнасці аплаціць ўстаноўку памятнага знака Барысу Нямцову на Вялікім Маскварэцкім мосце.
Партыя народнай свабоды (Парнас) гатовая ўзяць на сябе выдаткі па распрацоўцы праекта і ўстаноўцы памятнага знака на Вялікім Маскварэцкім мосце, дзе быў забіты Барыс Нямцоў. Пра гэта ў суботу, 11 ліпеня, у сваім Twitter паведаміў старшыня партыі Міхаіл Касьянаў. Паводле яго слоў, Парнас прафінансуе выраб і ўстаноўку мемарыяльнага знака.
Як гаворыцца ў заяве партыі, члены Парнаса перадалі ў Масгардуму ліст, згодна з якім партыя "гарантуе своечасовае фінансаванне работ па рэалізацыі ўстаноўкі памятнага знака ў поўным аб'ёме". У заяве таксама ўдакладняецца, што канчатковае рашэнне аб усталяванні шыльды прымае камісія па манументальным мастацтве пры Масгардуме.
Барыс Нямцоў быў забіты ў цэнтры Масквы ў ноч на 28 лютага 2015 года. У рамках следства пад арыштам знаходзяцца пяць чалавек: меркаваныя выканаўцы злачынства Заур Дадаеў і Анзор Губашоў, а таксама трое іх верагодных саўдзельнікаў. Яшчэ адзін фігурант справы — Руслан Герэмееў — аб'яўлены ў вышук.