Украіна. Асёл народа
Ва Украіне знялі з пракату мультфільм «Кароль-асёл» (па-ўкраінску «Кароль-віслюк»), што тлумачыцца апанентамі цяперашняга прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага як палітычная цэнзура.

Па сюжэце галоўны герой, асёл Мангу, ідзе ў прэзідэнты краіны. Выбаршчыкі падтрымліваюць асла-кандыдата, кіруючыся прынцыпам: «Нам патрэбны народны кандыдат, нават калі гэта будзе асёл». У выніку Мангу становіцца лідарам дзяржавы, хоць не ведае правілаў этыкету і не разбіраецца ў палітыцы, што і стварае шмат камічных сітуацый.
Прыхільнікі экс-прэзідэнта Пятра Парашэнкі лічаць мульцік «працягам» серыялу «Слуга народа» і пародыяй на Зяленскага. Пра гэта, нібыта, сведчыць фраза, якую прамаўляе на экране Кароль-асёл: «Дякую, дуже дякую». Яе нярэдка выкарыстоўвае Зяленскі. Гэтая акалічнасць, нібыта, і прымусіла ўлады прыняць рашэнне зняць мультфільм з пракату.

У камандзе Зяленскага, у сваю чаргу, версію пра цэнзуру абвяргаюць ды спасылаюцца на пракатчыкаў. Тыя пацвярджаюць, што мульцік знік з рэпертуару кінатэатраў, паколькі папросту выйшаў яго пракатны тэрмін. Узгадваюць таксама, што былы прэзідэнт Парашэнка казаў «дякую» не менш за Зяленскага, з-за чаго яго нават празвалі «дякула».
Паводле ўкраінскай прэсы