Скандал ва Украіне: прэм’ер прызнаўся, што нічога не разумее ў эканоміцы
Ва Украіне выбухнуў чарговы палітычны скандал. У інтэрнэце з’явіліся дзве часткі аўдыёзапісу нарады ў прэм’ер-міністра Аляксея Ганчарука. Разам з некалькімі міністрамі і кіраўніцтвам Нацбанка ён абмяркоўваў, як увесці ў зман прэзідэнта наконт сапраўднага стану ўкраінскай эканомікі і дзейнасці ўрада, паведамляе Еўрарадыё.
Аляксею Ганчаруку 35 гадоў. Ён — юрыст паводле адукацыі. Стаў прэм’ер-міністрам 29 жніўня 2019 года, а да таго некалькі месяцаў быў намеснікам кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта. Ганчарук — самы малады прэм’ер у гісторыі Украіны. Ён запомніўся наведваннем выступу неанацысцкага гурта і катаннем па будынку кабінета міністраў на... самакаце.
На запісах шмат скандальных выказванняў Ганчарука. Напрыклад, пра «туман» і «пустое месца» ў галаве прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Пры гэтым прэм’ер прызнаецца, што ён сам «поўны прафан у эканоміцы» і нічога ў ёй не разумее.
З аўдыёзапісу вынікае, што ўкраінскі ўрад не мае плану па развіцці эканомікі. Пры гэтым Аляксей Ганчарук не хоча, каб яго абвінавацілі ў тым, што ён са сваім кабінетам знішчыў эканоміку Украіны.
Пасля гэтага скандалу Зяленскі не можа адправіць Ганчарука ў адстаўку, паколькі той мае гадавы імунітэт пасля прызначэння. Аднак прэм’ер можа сам напісаць заяву. З іншага боку, Аляксей Ганчарук пакуль ніяк не пракаментаваў з’яўленне аўдыёзапісаў. Ён можа назваць іх фальшыўкай і зрабіць выгляд, што нічога не адбылося.