Улады Масквы хочуць дэмантаваць мемарыяльную дошку з дома Нямцова

Улады Масквы могуць дэмантаваць мемарыяльную дошку памяці забітага палітыка Барыса Нямцова. Урачыстая цырымонія ўстаноўкі дошкі на яго доме на Малой Ардынке адбылася 7 верасня.

Фота са старонкі Іллі Яшына ў фэйсбуку

Фота са старонкі Іллі Яшына ў фэйсбуку


Як паведаміла ТАСС суразмоўніца з Аддзела памятных знакаў і мемарыяльных дошак сталічнага Дэпартамента культурнай спадчыны, парадак усталявання мемарыяльных дошак прапісаны ў пастанове 1287 «Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку ўсталявання ў горадзе Маскве мемарыяльных дошак».
«У сітуацыі з Нямцовым нічога законнага няма, адно беззаконне», — заявіла яна.
У выпадку прызнання ўстаноўкі памятнай дошкі незаконнай, яе дэмантаж будзе зроблены за кошт ініцыятараў.
Ініцыятар ушанавання памяці палітыка дэпутат Сяргей Маркаў заявіў у эфіры «Эхо Москвы», што ўсталяваная дошка ў адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам Расіі і не можа быць дэмантаваная без парушэння закона. Раней, як распавёў Маркаў, ён выступаў з прапановай усталяваць дошку на месцы забойства Нямцова, але яна была адхілена.
У размове з «Новай газетай» паплечнік Нямцова Ілля Яшын назваў пазіцыю дэпартамента «абсалютна непісьменнай з прававога пункту гледжання». Ён патлумачыў, што «за» ўстаноўку дошкі прагаласавала каля 60% уласнікаў памяшканняў дома.
«Калі жыхары дома, дзе Барыс Нямцоў пражыў усе свае апошнія гады жыцця, хочуць гэтую шыльдачку, то службоўцы павінны не пырскаць сліной, а павінны паставіцца да гэтага рашэння з павагай», — упэўнены Яшын.
Па словах апазіцыянера, у шыльды будзе арганізавана дзяжурства валанцёраў.
«Як толькі нехта прыедзе, каб, напрыклад, дэмантаваць шыльдачку, гэтым людзям будзе прадстаўлены пратакол і будзе абгрунтавана законнасць [устаноўкі дошкі] усім зацікаўленым асобам, чаму шыльда вісіць на гэтым месцы», — дадаў Яшын.
Палітык Барыс Нямцоў быў забіты на Вялікім Москварэцкім мосце 27 лютага 2015 года. Па рашэнні суда, арганізатараў забойства прысудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам ад 11 да 20 гадоў.
Паводле novayagazeta.ru