Уладзімір Зяленскі прапанаваў дату інаўгурацыі
Абраны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў прызначыць інаўгурацыю на 19 траўня, піша Радыё Свабода.
Калі Вярхоўная рада не прызначыць інаўгурацыю новага прэзідэнта да 27 траўня, то Зяленскі не зможа выдаць указ аб роспуску парламента. Паводле ўкраінскіх законаў прэзідэнт мае права распусціць Раду не пазней чым за паўгода да заканчэння яе паўнамоцтваў.
Паўнамоцтвы цяперашняга ўкраінскага парламенту мінаюць 27 лістапада. Спікер Вярхоўнай рады Ўкраіны Андрэй Парубій заявіў, што падставаў для роспуску парламенту няма, а нават калі яны і з'явяцца, то новы прэзідэнт усё роўна не паспее гэтага зрабіць.
Раней 4 траўня Зяленскі сустрэўся з Парубіем і кіраўнікамі фракцыяў і дэпутацкіх груп. Ён сышоў ад адказу на пытанне, ці збіраецца ён распускаць парламент. Пасля сустрэчы СМІ паведамілі пра тое, што парламент хоча прызначыць інаўгурацыю на 28 траўня. Найбліжэйшае пленарнае пасяджэнне, на якім могуць зацвердзіць дату інаўгурацыі, адбудзецца 14 траўня.
Паводле закону Вярхоўная рада можа прызначыць інаўгурацыю новага прэзыдэнта Ўкраіны ў любы дзень на працягу 30 дзён з моманту абвяшчэння афіцыйных вынікаў. Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны афіцыйна абвясціла вынікі галасавання 30 красавіка. У другім туры выбараў Уладзімір Зяленскі набраў больш за 73% галасоў, за дзейнага прэзідэнта Пятра Парашэнку прагаласавалі амаль 24,5% выбарнікаў.
svaboda.org