Узбекістан. Арыштавалі дачку былога прэзідэнта Гульнару Карымаву

Ва Узбекістане арыштаваная Гульнара Карымава, дачка былога прэзідэнта краіны Іслама Карымава.

Гульнара Карымава. Фота: vesti-ukr.com

Гульнара Карымава. Фота: vesti-ukr.com


Ёй прад'яўленае абвінавачванне па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса — аб махлярстве, утойванні замежнай валюты, парушэнні мытнага заканадаўства, парушэнне правілаў гандлю або аказання паслуг, падробцы дакументаў і легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам.
Паводле следства, Карымава ўваходзіла ў злачынную групу, якая схавала за мяжой амаль 1,4 мільярда долараў, 63,5 мільёна еўра, больш за 27 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў і 18,5 мільёна швейцарскіх франкаў. У прыватнасці, грошы і маёмасць злачыннай групы знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Швейцарыі, Расіі і Латвіі. Узбекістан звярнуўся да ўладаў гэтых краін з запытам аб арышце актываў.
Генпракуратура Узбекістана ў сваім паведамленні таксама распавяла пра прысуд, які быў вынесены Карымавай у 2015 годзе. Яна атрымала пяць гадоў абмежавання волі па абвінавачванні ў крадзяжы, вымагальніцтве і ўхіленні ад выплаты падаткаў.
У СМІ раней паведамлялася, што Карымава як мінімум з 2014 года знаходзіцца ва Узбекістане пад хатнім арыштам. Брытанская PR-кампанія Davidson Ryan Dore ў верасні 2014 года распаўсюдзіла фатаграфіі, на якіх Карымава знятая ў сваім доме ў Ташкенце. У кампаніі, найманай сябрамі Карымавай, распавялі, што дачка прэзідэнта знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі.
Нагадаем, Гульнара Карымава займалася ва Узбекістане бізнесам і грамадскай дзейнасцю. Крымінальны пераслед Карымавай звязваюць з яе палітычнымі амбіцыямі: яе называлі магчымай пераемніцай бацькі на пасадзе прэзідэнта Узбекістана.
Іслам Карымаў кіраваў Узбекістанам з 1989 года — у якасці першага сакратара ЦК Кампартыі рэспублікі і прэзідэнта краіны. Ён памёр у верасні 2016 года. Пасаду прэзідэнта заняў прэм'ер-міністр рэспублікі Шаўкат Мірзіяеў.
Паводле meduza.io