Ва Узбекістане чарговы раз працягнулі час абмеркавання канстытуцыйных паправак

Заканадаўчая палата Олій Мажліса Узбекістана падоўжыла тэрмін усенароднага абмеркавання праекта паправак у Канстытуцыю — цяпер да 1 жніўня.

depositphotos_154567616_stock_photo_karakalpakstan_flag_against_city_blurred.jpg

Праект паправак у Канстытуцыю абнародавалі 25 чэрвеня, і на яго грамадскае абмеркаванне адвялі 10 дзён. Аднак пасля падзеяў у Нукусе 1-2 ліпеня Олій Мажліс падоўжыў тэрмін абмеркавання яшчэ на 10 дзён.
На паседжанні 4 ліпеня Заканадаўчая палата пакінула без зменаў артыкулы аб суверэнітэце Рэспублікі Каракалпакстан у новай рэдакцыі Канстытуцыі краіны. Прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў, які наведаў Нукус у сувязі з масавымі пратэстамі, распачатымі 1 ліпеня, заявіў, што артыкулы 70, 71, 72, 74, 75 Асноўнага закона аб статусе Каракалпакстана застануцца без зменаў.
Дата рэферэндуму па канстытуцыйных папраўках пакуль не аб’яўлена. Чакаецца, што рэферэндум «абнуліць» тэрмін паўнамоцтваў дзейнага прэзідэнта і падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў новага прэзідэнта з 5 да 7 гадоў.
Гэта трэці раз, калі падаўжаецца тэрмін абмеркавання канстытуцыйных паправак. Па словах Канстытуцыйнай камісіі, па пытанні канстытуцыйнай рэформы паступіла «85 тысяч прапаноў ад насельніцтва».
Нагадаем, 1 ліпеня ў суверэннай рэспубліцы Каракалпакстан (яна ўваходзіць у склад Узбекістана) пачаліся пратэсты з-за новага праекта Канстытуцыі. З галоўнага закона краіны сабраліся прыбраць частку пра суверэнны статус рэспублікі і права на яе выхад са складу Узбекістана. Паводле звестак прэс-службы МУС Узбекістана, «з мэтай недапушчэння парушэння грамадскага парадку і спынення ўчынення грамадзянамі розных правапарушэнняў былі задзейнічаны сілы і сродкі праваахоўных органаў».
У выступах на вуліцах сталіцы Каракалпакстана Нукус удзельнічалі тысячы людзей. Сілавыя структуры неаднаразова спрабавалі перашкодзіць пратэстоўцам сабрацца, даходзіла да сутыкненняў. Рэгіянальныя ўлады паведамляюць аб нападах на адміністрацыйныя будынкі. Прэзідэнт Узбекістана ў сваіх заявах згадваў пацярпелых абапал. Прыхільнікі аўтаноміі сцвярджаюць, што ёсць забітыя сярод дэманстрантаў, а некаторыя вуліцы былі літаральна залітыя крывёй.
Каракалпакстан увайшоў у склад Узбекістана ў 1993 годзе. Гэта найбуйнейшы рэгіён краіны, які складае амаль палову яе тэрыторыі. У Канстытуцыі Каракалпакстана сказана, што гэта суверэнная рэспубліка, якая валодае правам выхаду з Узбекістана на падставе ўсеагульнага рэферэндуму.