Вялікабрытанія. Брытанцы баяцца быць патрыётамі
Напярэдадні Дня святога Георга — нябеснага патрона Англіі, — сацыёлагі правялі апытанне наконт патрыятызму.
Вынікі выклікалі ступар. Паводле іх, у краіне назіраецца сталая дэградацыя гонару за радзіму.
Толькі 20 працэнтаў рэспандэнтаў адчуваюць гонар за нацыянальную прыналежнасць. Прычым, найбольш абыякавая да ідэяў патрыятызму малодшая генерацыя, дзе патрыётаў толькі каля 18 працэнтаў. Пры гэтым 25 працэнтаў моладзі ўвогуле лічаць, што забабоны патрыятызму не адпавядаюць цяперашняй рэальнасці.
Напэўна, лепшая ілюстрацыя сітуацыі ў гэтай галіне — рэйтынг святаў, якія брытанцы лічаць нацыянальнымі. На першым месцы ў гэтым спісе — Кубак Свету па футболе, а на другім — Алімпійскія гульні.
Аднак больш за ўсё грамадскасць турбуе, што вялікая колькасць патрыётаў (каля 22 працэнтаў) баяцца дэманстраваць свае погляды на людзях, бо непакояцца, што могуць стаць аб’ектамі жартаў або ўвогуле ахвярамі гвалту.
Паводле брытанскай прэсы