Выбары ў Японіі: на коне змена пацыфісцкай канстытуцыі
Кіроўны блок прэм’ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ, паводле папярэдніх вынікаў, атрымаў вялікую перамогу на нядзельных выбарах у верхнюю палату парламенту, піша «Свабода».

Прэм’ер-міністр Японіі Сіндзо Абэ
Сіндзо Абэ, такім чынам, стане прэм’ерам з самым працяглым стажам кіравання ў гісторыі Японіі. Ліберальна-дэмакратычная партыя Абэ і яе малодшы партнёр па кааліцыі заручыліся больш чым паловай з 124 мандатаў.
Пытанне, аднак, у тым, ці зможа кіроўны блок разам з саюзнікамі ўтрымаць кваліфікаваную большасць у дзве траціны галасоў, неабходных, каб запусціць працэс перагляду так званага «пацыфісцкага» 9-га артыкулу Канстытуцыі Японіі, піша японская прэса. Гэты артыкул быў складзены амерыканскімі акупацыйнымі ўладамі пасля Другой сусветнай вайны і з 1947 года застаецца нязменным. У яго тэксце прапісана, што Японія адмаўляецца ад свайго суверэннага права на вайну як спосабу вырашэння міжнародных спрэчак і не будзе ствараць уласныя ўзброеныя сілы, здольныя на вядзенне поўнамаштабных ваенных дзеянняў.
Дзявяты артыкул, хоць фармальна і не пераглядаўся, тлумачыўся наступнымі ўрадамі пашырана, як той, які дазваляе Японіі мець сілы самаабароны.
Лагер Абэ выступае за змяненне артыкулу; апазіцыя гэтаму пярэчыць, заяўляючы, што рэформа дорага абыдзецца японскаму падаткаплатніку і што яе прыняцце небяспечнае рызыкай уцягвання краіны ў геапалітычныя афёры Вашынгтону.
Нягледзячы на высокія стаўкі на выбарах, яўка была невысокай, каля паловы спісачнай колькасці выбарнікаў. Канчатковыя вынікі галасавання абвесцяць 22 ліпеня.