Вычарпанне нафты — пагроза для бяспекі Расіі

Новая стратэгія эканамічнай бяспекі Расіі называе ў ліку асноўных фактараў рызыкі вычарпанне экспартна-сыравіннай мадэлі развіцця і заканчэнне запасаў нафты і газу.

Фота REUTERS

Фота REUTERS

Уладзімір Пуцін зацвердзіў новую стратэгію эканамічнай бяспекі Расіі да 2030 года.

У ліку галоўных пагроз эканамічнай бяспекі Расіі ў дакуменце пералічаныя "вычарпанне экспартна-сыравіннай мадэлі эканамічнага развіцця, рэзкае зніжэнне ролі традыцыйных фактараў забеспячэння эканамічнага росту", а таксама "адсутнасць расійскіх несыравінных кампаній сярод глабальных лідараў сусветнай эканомікі".

Таксама ў дакуменце гаворыцца пра вычарпанне запасаў карысных выкапняў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці паліва, і ваганні кан'юнктуры сусветных таварных і фінансавых рынкаў.

Сярод асноўных пагроз эканамічнай бяспекі Расіі аўтары дакумента таксама называюць недахоп працоўнай сілы, рост разрыву паміж даходамі багатых і бедных і ўведзеныя ў дачыненні да краіны эканамічныя санкцыі, якія аўтары дакумента характарызуюць як "дыскрымінацыйныя меры".

У новай стратэгіі апроч іншага гаворыцца, што Расіі трэба ўдасканальваць механізм увядзення мер у адказ у выпадку, калі яна сама аказваецца пад санкцыямі з боку іншых дзяржаў, а таксама аптымізаваць патокі працоўных мігрантаў.

Як мяркуецца, кантроль за рэалізацыяй стратэгіі будзе ажыццяўляць расійскі ўрад, які павінен будзе штогод дакладаць прэзідэнту аб стане эканамічнай бяспекі краіны і мерах, прынятых для яе забеспячэння.

Распрацаваць меры для рэалізацыі стратэгіі ўрад павінен на працягу трох месяцаў.

Першая стратэгія эканамічнай бяспекі Расіі была прынятая ў 1996 годзе. Рашэнне аб неабходнасці зацвердзіць новую стратэгію эканамічнай бяспекі было прынята ў 2015 годзе. Раней Уладзімір Пуцін казаў, што новая стратэгія павінна дапамагчы Расіі выйсці на рост эканомікі вышэй агульнасусветнага да 2020 года.

Паводле www.bbc.com