Welt am Sonntag: Расія магла ўзбройвацца пры дапамозе Германіі

Паводле інфармацыі нямецкага выдання Welt am Sonntag, нямецкія фірмы пастаўлялі ў Расію прадукцыю падвойнага прызначэння і пасля анексіі Крыма, нягледзячы на абмежаванні Еўрасаюза. Так, у 2020 годзе яны паставілі Расіі такіх тавараў на 366 млн еўра, піша Deutsche Welle.

rasija_hermanija.jpg

Газета Welt am Sonntag піша пра гэта са спасылкай на закрыты дакумент Міністэрства эканомікі. Паводле яго, нямецкае Федэральнае ведамства эканомікі і экспартнага кантролю (BAFA) яшчэ ў 2020 годзе выдала 673 ліцэнзіі на экспарт у Расію тавараў, якія могуць быць выкарыстаныя і ў ваенных мэтах, на суму амаль 366 млн еўра.
Па звестках выдання, нягледзячы на тое, што пасля расійскай анексіі Крыма ў 2014 годзе ЕС зрабіў куды больш жорсткімі крытэрыі для экспарту ў Расію тавараў, выкарыстанне якіх можа быць як у грамадзянскіх, так і ў ваенных мэтах, Расійская Федэрацыя ў 2020 годзе была на чацвёртым месцы па аб'ёме закупак такіх тавараў з Германіі — пасля Кітая (1,6 млрд еўра), ЗША (1 млрд) і Бразіліі (371 млн).
Такім чынам, Расія была больш важнай краінай прызначэння тавараў падвойнага прызначэння, чым, напрыклад, Францыя (274 млн еўра) і тым больш Украіна (усяго 17 млн).
Якія менавіта тавары пастаўляюцца Расіі, практычна нічога не вядома, піша Welt am Sonntag. Аднак у апошнія гады ўжо вяліся спрэчкі аб пастаўках з Германіі збедненага ўрана, які, на думку экспертаў, Расія можа выкарыстоўваць пры вытворчасці ўзбраення.
Праўда, за апошнія гады ў Германіі было заведзена некалькі крымінальных спраў у сувязі з парушэннем абмежаванняў ЕС на экспарт тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння ў Расію. Каб абысці яго і ўвесці ў зман нямецкіх мытнікаў, экспарцёры паказвалі ў суправаджальных дакументах у якасці пакупніка падкрэслена грамадзянскія фірмы. Гаворка ішла, у прыватнасці, пра пастаўкі спецыяльных металаапрацоўчых станкоў, прыдатных для вытворчасці ракетнай тэхнікі.