Франк-Вальтэр Штайнмаер пераабраны прэзідэнтам Германіі на другі тэрмін

У Берліне Федэральны сход у першым туры галасавання пераабраў дзейнага прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера на пасаду федэральнага прэзідэнта. За ягоную кандыдатуру было аддадзена 1045 з 1425 магчымых галасоў. 86 чальцоў сходу ўстрымаліся.

portraet_steinmeier.jpg


66-гадовы Штайнмаер перамог ужо ў першым туры. Падтрымку яму аказалі ўсе найбуйнейшыя палітычныя сілы: Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ), «Саюз 90/Зялёныя», Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП), а таксама кансерватыўны блок ХДС/ХСС.

Нагадаем, Франк-Вальтэр Штайнмаер займае вышэйшую дзяржаўную пасаду з 2017 года. Ён будзе знаходзіцца на ёй яшчэ пяць гадоў.

З 2005 года ён займаў пасаду міністра замежных спраў Германіі ў кааліцыйным урадзе ХДС/ХСС і СДПГ. У 2007 годзе ён стаў віцэ-канцлерам. Пасля парламенцкіх выбараў 2009 года быў старшынём фракцыі СПДГ у Бундэстагу. Затым, пасля парламенцкіх выбараў 2013 года, узначаліў Міністэрства замежных спраў ФРГ.

Федэральны прэзідэнт Германіі выконвае перадусім прадстаўнічыя функцыі. Апроч гэтага мае права распусціць Бундэстаг у выпадку, калі канцлер ставіць пытанне даверу ў Бундэстагу і апошні галасуе бальшынёй за недавер канцлеру. Апошні раз гэта здарылася ў 2005 годзе, калі канцлер Шродэр пацярпеў паразу ў пытанні даверу, а пасля гэтага і на выбарах у новы Бундэстаг.