З'езд партыі: КНДР будзе нарошчваць ядзерны арсенал
Рашэнне з'езда Працоўнай партыі Карэі тычыцца як якасці, так і колькасці ўзбраення. Дэлегаты таксама прынялі рашэнне выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку пагрозы суверэнітэту КНДР.
Пхеньян мае намер і далей нарошчваць свой ядзерны арсенал. Такое рашэнне прыняў з'езд Працоўнай партыі Карэі (ППК) у нядзелю, 8 мая, паведамляе www.dw.com. Гэта тычыцца як якасці, так і колькасці ядзернага ўзбраення. Акрамя таго, дэлегаты з'езда прынялі дакумент, згодна з якім ядзерная зброя будзе прымяняцца толькі ў выпадку ядзернай пагрозы суверэнітэту КНДР з боку іншых краін. Напярэдадні адпаведную заяву зрабіў паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын.
Паўночная Карэя раней неаднаразова праводзіла тэставыя запускі ракет і іншых баявых сістэм. У сакавіку Савет Бяспекі ААН зрабіў больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да КНДР пасля чарговых выпрабаванняў ядзернай зброі.
7-ы з'езд Працоўнай партыі Карэі адкрыўся ў пятніцу, 6 мая. Апошні з'езд кіруючай у краіне партыі праходзіў у 1980 годзе і доўжыўся пяць дзён, у ім удзельнічалі больш за 3000 дэлегатаў.