З-за паводкі ў Х'юстане можа выбухнуць хімічны завод
Хімічны завод у затопленым горадзе Х'юстан у бліжэйшыя дні можа загарэцца або выбухнуць.
З-за моцных залеваў, якія рушылі за ўраганам «Харві», на заводзе кампаніі Arkema ў Кросбі выйшла з ладу сістэма астуджэння хімічных рэчываў. Паводле заявы кампаніі, прадухіліць пажар немагчыма.
Завод Arkema спыніў працу ў пятніцу, яшчэ да пачатку ўрагану. Аднак з-за вялікіх ападкаў — 102 см — яго тэрыторыю затапіла і электразабеспячэнне спынілася, паведамілі ў кампаніі. Рэзервовыя генератары таксама затопленыя.
Завод займаецца вытворчасцю арганічнага пераксіду і хімікатаў, што ўяўляюць небяспеку пры высокіх тэмпературах.
«Цяпер рэчывы могуць выбухнуць і выклікаць магутны пажар, — цытуе Рэйтэр кіраўніка кампаніі Рычарда Роўэра. — Высокі ўзровень вады на тэрыторыі, а таксама адсутнасць электрычнасці не пакідаюць нам ні адзінай магчымасці гэта прадухіліць».
Наступствы ўрагану забралі жыцці ўжо па меншай меры 25 чалавек.
Таксама з-за закрыцця нафтавымі кампаніямі некалькіх трубаправодаў пацярпелі энергапастаўкі.Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША панізіла статус «Харві» да ніжэйшага — «трапічнай дэпрэсіі», аднак сіноптыкі працягваюць прагназаваць моцныя дажджы над усходнім Тэхасам і заходняй Луізіянай.
Па словах кіраўніка Arkema, патэнцыйны пажар наўрад ці перакінецца за тэрыторыю завода, аднак жыхары акругі Харыс у радыюсе паўтары мілі (2,4 км) вакол завода былі эвакуяваны ў якасці меры засцярогі.
Паводле BBC