Замежныя СМІ пра Беларусь: 1–10 студзеня

На імперыю Пуцінская Расія не цягне, таму што яна сыравінная, адсталая, арміі ў Расіі даўно няма, каб прымусіць сілай да такога саюзу. Значыць, хутчэй за ўсё, мы будзем гуляць у «саюз», гуляць у «імперыю». Лукашэнка ўмее гэта рабіць цудоўна. «Хвиля» (Украіна)



smi4.jpg

Якія ж мэты пераследуе Масква, падтрымліваючы неэфектыўную беларускую эканоміку? Верагодна, шчодрасць Расіі тлумачыцца рашэннем беларускага ўрада прадаць шэраг найбольш прывабных прадпрыемстваў краіны — у тым ліку Мазырскі НПЗ і Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) — расійскім кампаніям, Аднак яшчэ важней планы Крамля па ўз’яднанні былых савецкіх рэспублік пры дапамозе Мытнага саюза, у які на сённяшні дзень уваходзяць Расія, Казахстан і Беларусь. Гэты амбіцыйны праект з’яўляецца прыярытэтным у знешняй палітыцы Пуціна, і ён гатовы ўзнагароджваць за вернасць па гэтым пытанні.

«Financial Times» (Вялікабрытанія)

Курс долара на беларускай валютна-фондавай біржы расце павольна, але ўпэўнена — амаль кожны дзень. Але мясцовыя ўлады наўрад ці адважацца на чарговую маштабную аднамомантную дэвальвацыю. Усе разумеюць: гэта пагражае ўладам «адкатам назад» і неабходнасцю зноў вырашаць ужо, здавалася б, вырашаныя пытанні: і з адтокам прафесіяналаў за мяжу, і з эміграцыяй, і з ростам крымінагеннай напружанасці. Таму дэвальвацыя ў 2014 годзе як інструмент выпраўлення складанай сітуацыі ў эканоміцы Беларусі цяпер не падыходзіць. Псіха-эмацыйная абстаноўка ў Беларусі ў 2014 годзе будзе пагаршацца. Яшчэ паўгода таму ў рэспубліцы пераважалі ўмерана- аптымістычныя настроі, а ўжо цяпер усё зноў чакаюць крызісу — і эканамічнага, і сацыяльнага. У 2014 годзе Беларусь, відавочна, захопіць агульнанацыянальная дэпрэсія. Не столькі эканамічная, колькі псіхалагічная. Беларусы стаміліся. Але спадзяванняў на перамены ў іх няма.

«Росбалт» (Расія)

Залаты дождж уліванняў у беларускую эканоміку — зусім не калядная дабрачыннасць, а цвярозы разлік Крамля. У Маскве разумеюць, што любыя субсідыі без эканамічных рэформаў банальна праядаюцца, як гэта і адбываецца ў Беларусі. А ў 2015 годзе, калі плануецца запуск Еўразійскага эканамічнага саюза, да чарговых прэзідэнцкіх выбараў Мінску для падтрымання стабільнасці зноў спатрэбіцца і валюта, і гарантаваныя пастаўкі расійскай нафты ў аб’ёме, не менш за 23 мільёны тон на год. У інтарэсах Расіі падыграць жаданню Лукашэнкі застацца пры ўладзе на пяты тэрмін. Але ў кіраўніка Беларусі застаецца ўсё менш шанцаў на доўгатэрміновае выцягванне крэдытаў і на шантаж Крамля.

«Deutsche Welle» (Германія)

Перад Новым годам беларусы змаглі ўздыхнуць з палёгкай — у бліжэйшы час дэвальвацыі не будзе. Чарговы расійскі двухмільярдны крэдыт дапаможа Беларусі пазбегнуць чарговых эканамічных бед, па розных ацэнках, у бліжэйшыя год-паўтара. Праўда, эксперты раяць не цешыць сябе адносна больш аддаленай перспектывы. Падтрыманне курсу беларускага рубля ніяк не паўплывае на якасць і запатрабаванасць беларускай прадукцыі. Паводле статыстыкі, 75 працэнтаў вырабленай прамысловай прадукцыі застаецца на складах. Гэта значыць, грошы на яе вытворчасць ужо затрачаныя, а яна не прынесла не толькі прыбылі, але нават і кампенсацыі выдаткаў.

«Независимая газета» (Расія)