Зборную Расіі адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе-2018

Міжнародны алімпійскі камітэт не дапусціў зборную Расіі да Алімпіяды 2018 года, якая пройдзе ў Пхенчхане з 9 па 25 лютага 2018 года.

Расійскія спартоўцы будуць выступаць пад белым алімпійскім сцягам. Фото: olympic.org

Расійскія спартоўцы будуць выступаць пад белым алімпійскім сцягам. Фото: olympic.org

Расійскія спартсмены, чые імёны ніколі не згадваліся ў сувязі з ужываннем допінгу, змогуць выступіць пад нейтральным сцягам. Рашэнне аб такім удзеле спартсменаў будзе прымаць спецыяльна створаная група, у якую ўвойдуць члены Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) і Аб'яднанне спартсменаў супраць допінгу (Doping Free Sport Unit).
МАК пажыццёва адхіліў ад наведвання Алімпіяд віцэ-прэм'ера Віталя Мутко і былога намесніка міністра спорту Юрыя Нагорных.
Алімпійскі камітэт Расіі таксама павінен пакрыць МАК выдаткі, якія панёс камітэт з-за расследвання. Сума складае 15 млн долараў.
«Я хачу падкрэсліць, што высновы нашай камісіі заснаваныя не толькі на паказаннях Рыгора Родчанкава (былы кіраўнік маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі), але таксама на іншых рэсурсах, сведчаннях перапіскі, абмене лістамі. Таксама ёсць і іншыя віды доказаў. Наша камісія вынесла рашэнне, што назіралася сістэматычнае маніпуляванне антыдопінгавымі правіламі, сістэма выкарыстоўвалася на Гульнях у Сочы», — сказаў кіраўнік камісіі МАК Самуэль Шмід падчас прэс-канферэнцыі.
У расійскую дэлегацыю, якая прыбыла ў Лазану, увайшлі прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі Аляксандр Жукаў (яго сяброўства ў МАК прыпынена), кіраўнік Незалежнай грамадскай антыдопінгавай камісіі Віталь Смірноў і двухразовая чэмпіёнка свету па фігурным катанні Яўгена Мядзведзева.
Нагадаем, у пачатку снежня з-за допінгу былі дыскваліфікаваныя біятланістка Вольга Зайцава, лыжніцы Юлія Чекалева і Анастасія Дацэнка. Раней МАК адхіліў расійскіх бобслеістаў Аляксандра Касьянава, Аляксея Пушкарова і Ільвіру Хузіну.
Усяго Расія страціла 11 прызавых месцаў (тры залатыя медалі, шэсць срэбраных і два бронзавых).
Расследаванне аб масавым ужыванні допінгу расійскімі спартсменамі пачалося пасля публікацыі дакладу незалежнага эксперта Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Рычарда Макларена ў снежні 2016 года.
У траўні 2016 года The New York Times апублікавала інтэрв'ю з Родчанкава, у якім ён падрабязна апісаў схему ўтойвання масавага прымянення допінгу расійскімі спартсменамі на Алімпіядзе ў Сочы. Родчанкаў сцвярджаў, што да падменф допінг-пробаў былі датычныя агенты ФСБ.
Паводле novayagazeta.ru