Зварот да амбасады Беларусі ў ЗША

Актывісты беларускай дыяспары ЗША звярнуліся да беларускага амбасадара. 

r3blxohxfy0aoow3.jpg

Embassy of Belarus1619 New Hampshire Avenue, N.W.Washington, DC 20009
Attn: Mr. Dmitry BasikCharge d'Affaires a.i.
                                                                           Зварот
Паважаны Дзьмітры Яўгенавіч,
Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ЗША, звяртаемся да Вас, каб выказаць сваю велізарную занепакоенасць і абурэнне тымі падзеямі, якія сёння адбываюцца на нашай Бацькаўшчыне.
З самага пачатку выбарчай кампаніі назіраюцца рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі. За кратамі апынуліся кандыдаты ў прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта, кіраўнікі і чальцы іх ініцыятыўных груп, актывісты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Удзельнікаў мірных пікетаў і звычайных мінакоў сярод белага дня збіваюць і выкрадаюць невядомыя ў цывільным.
Мы ўпэўнены ў тым, што ўсе гэта не толькі перашкаджае правядзенню канкурэнтнай выбарчай кампаніі, але і руйнуе дзесяцігоддзі цяжкай працы супрацоўнікаў МЗС і беларускіх дыпламатаў па фарміраванні пазітыўнага іміджу Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне.
Многім беларусам падабаецца творчасць музычнага гурта, у якім Вы некалі бралі ўдзел. У адной з песняў ёсць такія словы:
Айчына! Скажы, у трывожны час, у цяжкiя гады,Цi адчуваеш ты патрэбу ў кожным з нас?
У гэтыя цяжкія часы Айчына сапраўды адчувае патрэбу ў кожным з нас. Мы спадзяемся, што Вам на самай справе не абыякавы лёс нашай краіны, і таму заклікаем Вас перадаць гэты зварот Вашым калегам, кіраўніцтву МЗС. Мы шчыра спадзяемся, што яны таксама цалкам разумеюць складанасць сітуацыі і зычуць лепшай долі беларускаму народу.

З павагай,
Актывісты беларускай дыяспары ЗША