Чарговы пікет беларусаў адбыўся ў цэнтры Маямі
Аддзел Паўднёвай Фларыды Беларуска-Амерыканскага Аб'яднання (БАЗА) арганізаваў чарговы палітычны пікет 27 чэрвеня ў самым цэнтры горада Маямі,каля гістарычнага будынка з сімвалічнай назвай — «Вежа Свабоды».

Амерыканскіх беларусаў рознага ўзросту і роду заняткаў аб'ядноўвае і хвалюе складаная сітуацыя і напружанае становішча на радзіме. З кожным днём не толькі ў Фларыдзе, але і ў іншых штатах і гарадах Амерыкі расце колькасць неабыякавых да лёсу Беларусі.

Удзельнікі акцыі ў Маямі выказваюць салідарнасць з усімі беларусамі Амерыкі і ўсяго свету. А таксама заклікаюць амерыканскую грамадскасць звярнуць увагу на праблемы ў Беларусі. Беларускія ўлады ў чарговы раз хітра і нахабна вырашылі зноў падманным шляхам правесці прэзідэнцкія выбары. Лукашэнка ўмела выкарыстоўвае напружаную сітуацыю ў свеце звязаную з пандэміяй, а таксама пад прыкрыццём нестабільнай сітуацыі ў Еўропе і ЗША зноў ідзе на фальсіфікацыю вынікаў выбарчай кампаніі на сваю карысць.

У ранішняе неба Маямі зноў ўзьвіліся бел-чырвона-белыя сцягі, у руках лозунгі і транспаранты, налепкі і партрэты загінулых.

Мітынгоўцы абураныя зверскімі, гвалтоўнымі дзеяннямі беларускай міліцыі, а таксама затрыманнем і шматлікімі арыштамі людзей у розных гарадах Беларусі. Сёння Сяргей Ціханоўскі, Павел Севярынец, Віктар Бабарыка сталі сімваламі смеласці, мужнасці і патрыятызму для кожнага беларуса!

Палітычны мітынг беларусаў выклікаў непадробную цікавасць. Тэлеканал «Руская Амерыка» зняў рэпартаж і ўзяў інтэрв'ю ў удзельнікаў пратэсту. Журналіст з вялікім здзіўленнем выявіў ў руках аднаго беларуса фота-партрэт старых гадоў. Гэта быў партрэт нацыянальнага героя, сімвала незалежнасці Беларусі — Кастуся Каліноўскага. Гучна і звонка прагучалі вядомыя словы Каліноўскага — «Не народ для ўрада, а ўрад для народа!».
Паводле прэс-рэліза