Аляксандру Мілінкевічу — 70!
Палітык, грамадскі дзеяч і навуковец Аляксандр Мілінкевіч адзначае 70-гадовы юбілей.
Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродна ў сямье заслужанага настаўніка БССР — ягоны бацька выкладаў у прэстыжным ліцэі імя Стэфанія Баторыя. Прадзед і прапрадзед удзельнічалі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. За гэта расійскія ўлады пазбавілі іх маёнтка.
Па словах Аляксандра Мілінкевіча, ён ведае свой радавод да 7 калена і ганарыцца гэтым.
У 1969 годзе Мілінкевіч скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў школьным настаўнікам у Гродне. Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР у 1972 годзе стаў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976 годзе абараніў дысертацыю і вярнуўся ў Гродна, дзе працаваў інжынерам і выкладаў у педагагічным інстытуце. З 1978 па 2000 год быў дацэнтам фізічнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта. З 1980 па 1984 год — загадчыкам кафедры фізікі ў Сеціфскім універсітэце (Алжыр).
Як грамадскі лідар і палітык, стажыраваўся ў ЗША, Германіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы і іншыя краіны па пытаннях дзяржаўнага кіравання, эканамічных рэформ і правоў чалавека. Вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і вопыт развіцця спорту ў Канадзе.
Аляксандр Мілінкевіч — аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, а таксама гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі. Акрамя роднай беларускай валодае англійскай, французскай, польскай, украінскай і рускай мовамі. Ініцыятар пошукаў і вывучэння пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад польскай культурай”. Лаўрэат Міжнароднай прэміі Незалежнага фонду "PolCul" (Аўстралія).
У 1990 годзе заняў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Падаў у адстаўку падчас падрыхтоўскі антыканстутыцыйнага рэферэндума 1996 года.
З 1996 года Мілінкевіч узначальваў гарадзенскае грамадскае аб'яднаньне “Ратуша”, якое было ліквідавана ўладамі ў 2003 годзе.
У палітыку прыйшоў у 2001 годзе ў якасці кіраўніка перадвыбарчай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Сямёна Домаша.
У кастрычніку 2005 года Мілінкевіч быў абраны адзіным прэтэндэнтам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Аляксандр Мілінкевіч паабяцаў, што ў выпадку свайго абрання паставіць пытанне аб прыцягненні да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі.
19 сакавіка 2006 года 83% беларусаў “прагаласавалі” за Аляксандра Лукашэнку, і Мілінкевіч, які набраў 6% галасоў, заклікаў апазіцыю выйсці на вуліцы Мінска. Пасля гэтага на Кастрычніцкай плошчы горада пачаўся несанкцыянаваны мітынг пратэсту. Апазіцыя мела намер мітынгаваць да 25 сакавіка 2006 года, аднак праз некалькі дзён "Плошча 2006" была разагнаная міліцыяй.
Пасля таго, як удзельнікаў пратэстных акцый пачалі звальняць з працы і адлічваць з вучобы, Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да польскага ўраду з просьбай падтрымаць рэпрэсаваных студэнтаў. Польскі ўрад за адныя суткі распрацаваў і падпісаў праект дапамогі — Праграму Каліноўскага.
Аляксандр Мілінкевіч быў адным з стваральнікаў Руху “За свабоду”, які ўзначальваў да кастрычніка 2016 года.
Жанаты, мае двух сыноў і ўнучку.
"Новы час" віншуе Аляксандра Мілінкевіча з днём народзінаў!