Бывай, наш дарагі Вацлаў Адольфавіч Нямковіч

31 мая грамадскасць развіталася з вядомай на Беларусі асобай, старшынёй грамадскага аб’яднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты» Вацлавам Нямковічам, які адышоў у лепшы свет 30 мая на 88-м годзе жыцця.

Вацлаў Нямковіч, лета 2014 года

Вацлаў Нямковіч, лета 2014 года

Згодна з беларускай традыцыяй, сённяшнюю ноч ён правядзе у сваёй хаце ў вёсцы Гаўрылаўцы, што на Браслаўшчыне ў Мінскай вобласці, а заўтра будзе пахаваны сярод сваіх землякоў на вясковых могілках.

19 красавіка мы павіншавалі нашага старэйшага сябра з 87-годдзем, а неўзабаве развітваемся з ім. Вацлаў Адольфавіч быўвельмі шляхетным чалавекам, прайшоў вялікае жыццё, шмат чаго бачыў і разумеў.

Інжынер па адукацыі, ён працаваў у акадэмічным інстытуце, з пачатку 1990-х гадоў узначаліў «Хрысціянскую злучнасць «Курапаты», разам з намі напрыканцы 2013 года ствараў новую грамадзянскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў».

Вацлаў Нямковіч 13 студзеня 2015 году падчас узнагароджання «Экспертаў у абарону Курапатаў», адзначаных Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі прэміяй «Чэмпіён грамадзянскай супольнасці» ў намінацыі «Лепшая ініцыятыва» 2014 года. Злева — старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій» Зінаіда Антонаўна Тарасевіч.

Два з паловай гады мы крочылі поруч, аб’яднаныя адной мэтай — абараніць Курапаты ад дзялкоў і вандалаў, глыбей дазнацца пра гісторыю гэтага нацыянальнага знаку бяды, у тым ліку пра імёны расстраляных і іхных катаў, распаўсюдзіць веды пра гэтае вядомае на ўвесь свет месца масавых забойстваў бязвінных ахвяраў палітычных рэпрэсій савецкага таталітарнага рэжыму.

Разам з намі Вацлаў Нямковіч марыў пра той час, калі нацыянальны некропаль атрымае мастацкае абрамленне ў выніку адкрытага грамадскага конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі ўрочышча. Дарэчы, спадар Вацлаў быў абраны ў журы гэтай творчага спаборніцтва.

Мы будзем памятаць цябе, дарагі Вацлаў Адольфавіч. І падаўжаць тваю справу. Пухам табе зямля.

З бацькам і дзедам развіталіся ягоныя сыны і ўнукі. Мінск, 31 мая 2016 года

З бацькам і дзедам развіталіся ягоныя сыны і ўнукі. Мінск, 31 мая 2016 года

Успаміны Інтэрв'ю з Вацлавам Нямковічам "Заступнік Курапатаў" будзе ў хуткім часе апублікавана на нашым сайце