Чалавек, які не дае забыць гісторыю
Сёння 75-гадовы юбілей адзначае наш аўтар і вельмі цікавы чалавек Марат Гаравы. З-за сваёй прыроднай сціпласці ён не стаў даваць інтэрв’ю. Але, будучы знаёмым з ім шмат гадоў, я скажу адно — гэта чалавек, у якога ёсць чаму павучыцца. Больш за тое: у яго прысутнасці ты вучышся, сам не ведаючы пра тое. І так, я шмат чаму ў яго навучыўся.
Марат Гаравы для мяне найперш — чалавек, які не дае забыць гісторыю. Прычым мяне заўсёды ўражваў ягоны падыход да гісторыі, якому я ў яго, шчыра кажучы, навучыўся: гісторыя — яна такая, якая ёсць. У ёй ёсць розныя старонкі, розныя бакі, але ўсё гэта — наша гісторыя, і ўсё гэта аднолькава трэба шанаваць.
У маладосці Марат быў адным са стваральнікаў юнацкага атраду РВС (разведчыкаў ваеннай славы), што 20 гадоў займаўся пошукам без вестак зніклых у гады Другой сусветнай вайны савецкіх авіяэкіпажаў у Беларусі і Украіне. Потым — даследаваў сталінскія рэпрэсіі, быў адным са стваральнікаў суполкі «Эксперты ў абарону Курапатаў». Цяпер пераехаў у Кобрын, дзе шукае магілы паўстанцаў 1863 года — атраду Рамуальда Траўгута. Для яго аднолькава каштоўная і гісторыя Другой сусветнай, і гісторыя паўстання Кастуся Каліноўскага, і гісторыя сталінскіх рэпрэсій. Таму што ўсё гэта — наша гісторыя.
Менавіта гэтага не разумеюць тыя, хто падзяляе гісторыю на «добрую» і «дрэнную», хто выдумвае незразумелыя законы аб «генацыдзе беларусаў» і ставяць перамогу ў ВАВ вышэй за перамогу ў Грунвальдскай бітве, а вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — вышэй за бітву пад Воршай. Можа быць, таму закон аб «генацыдзе беларусаў» атрымаўся такі нягеглы? Бо гісторыя не падганяецца пад ідэалагічныя ўстаноўкі, а ўсе спробы гэта зрабіць заканчваюцца правалам, бо выключаюць цэласны малюнак таго, што адбывалася.
Пры гэтым, — яшчэ адна навука ад Марата Гаравога — не бывае гісторыі «маленькай» і гісторыі «вялікай», бо са шматлікіх «маленькіх» гісторый складаецца тая самая вялікая гісторыя. Адсюль напэўна, цікавасць Марата да краязнаўства, да тых людзей, якія ствараюць і захоўваюць тую самую «маленькую» гісторыю. Сапраўды, зазірні глыбей у кожны гарадок, кожнае мястэчка ў Беларусі — і ты абавязкова заўважыш там тое, што па цяперашніх часах завецца «турыстычным патэнцыялам». У кожным мястэчку ёсць хаця б адна-дзве — але цікавосткі, легенды, паданні, помнікі, якія могуць быць пачаткам ці працягам той самай вялікай гісторыі.
Для Марата, падаецца, роўныя па значнасці і «вялікія» рэчы кшталту адкрыцця памятнага знаку ў Курапатах, і ўшанаванне гістарычных тапонімаў у Кобрыне. Таму што ў тым, што тычыцца гісторыі, не бывае «маленькіх спраў». Ініцыятыва «Эксперты за ўратаванне Курапатаў» гадамі ліставалася з Мінкультам, абараняючы Нацыянальны некропаль і фіксуючы ўсе парушэнні пры забудове вакол гэтай тэрыторыі. Можа падавацца, што гэта невялікая справа. Аднак у будучыні менавіта гэтыя дакументы паслужаць кропкай адліку, з якой пачнецца ўзнаўленне і мемарыялізацыя Курапатаў.
Безумоўна, у гэтым «гістарычным» рэчышчы знаходзіцца і адданасць Марата беларушчыне, беларускай мове, беларускай культуры. Бо немагчыма так, як Марат, адчуваць гісторыю, адчуваць свае карані, і пры гэтым не адчуваць сувязі з Беларуссю. Напэўна, мова, культура, беларушчына і беларускасць — гэта тое, што знітоўвае гісторыю ад Гомеля да Гродна, і ад Віцебска да Брэста. А таму немагчыма займацца гісторыяй так, як Марат — і пры гэтым не адчуваць яе знітаванасці з мовай і культурай.
Я шмат чаму навучыўся ў Марата. Але найбольш мне падабаецца яго паўсядзённая прыказка: «Будзем працаваць над сабой». Ён паўтарае яе, падаецца, у любой сітуацыі. Гэта як сімвал — удасканальвацца ніколі не позна і заўсёды своечасова. І няма розніцы, колькі табе гадоў — узрост самаўдасканаленню не перашкода.
Застаецца толькі пажадаць Марату Гаравому багата імпэту для працягу сваёй працы, і, канечне ж, здароўя, каб яно дазваляла рабіць тое, што ён робіць. А пра яго новыя адкрыцці мы даведаемся ў «Новым часе».